«Хто даў права да чалавека ўрывацца ў дом?». Лукашэнка заступіўся за кіраўніка Аршанскага райвыканкаму


Леанід Пянькоўскі

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што весці расследаванне супраць чыноўнікаў праваахоўныя органы могуць толькі з дазволу кіраўніка дзяржавы.

Сёння, прымаючы з дакладам старшыню Следчага камітэту Івана Наскевіча, Лукашэнка даручыў яму асабіста разабрацца з сітуацыяй, якая здарылася з новым кіраўніком Аршанскага райвыканкаму Леанідам Пянькоўскім. Гаворка ідзе аб дзеяннях аператыўных службаў у дачыненні да Пянькоўскага.

«Хто даў права да чалавека, узгодненага да прызначэння прэзідэнтам, урывацца ў дом? Для таго, каб праваахоўным органам нават весці нейкія расследавання па чалавеку, які ўваходзіць у кадравы рэестр прэзідэнта, трэба згода прэзідэнта. Уварваліся, пачалі нешта ўдакладняць, – адзначыў ён. – Новы чалавек прыйшоў працаваць. Кляймо на ім паставілі. Нядобры сігнал».

Што менавіта адбылося з Пянькоўскім не ўдакладняецца. Інфармацыі пра ператрус альбо іншыя следчыя дзеянні ў дачыненні да чыноўніка ў СМІ раней не было.

«Матэрыялы ўжо ёсць. Разбярыцеся. Мне патрэбная мужчынская, сапраўдная ацэнка гэтай сітуацыі», – цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.

Кіраўніцтва Аршанскага райвыканкаму ніяк не тлумачыць, што за «непрыемная сітуацыя» здарылася з Пянькоўскім. У прыёмнай чыноўніка паведамілі, што са старшынёй райвыканкаму звязацца немагчыма – ён цяпер на нарадзе.

У сваю чаргу намеснік старшыні Аршанскага райвыканкаму Алег Смірноўскі заявіў «Белсату», што нічога пра інцыдэнт з Пянькоўскім не ведае:

«Я абсалютна не ведаю, аб чым ідзе гаворка. Нават не падазраю».

Леанід Пянькоўскі быў прызначаны старшынёй Аршанскага райвыканкаму 12 траўня. Да гэтага чыноўнік 9 гадоў узначальваў Бешанковіцкі выканкам.

 

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары