Хісткае замірэнне: баявыя дзеянні на усходзе Украіны працягваюцца


Нягледзячы на рэжым спынення агню, баявыя дзеянні на усходзе Украіны працягваюцца. Прарасейскія баевікі надалЕй спраўджАюць на трываласць пазіцыі ўкраінскіх вайскоўцаў, а з расейскага боку мяжы зафіксаваная чарговая хваля актыўнасці.

Гэтак па звестках Рады нацыянальнай бяспекі Украіны за мінулыя содні зафіксавалі больш за 20 атак тэрарыстамі пазіцыяў сілавікоў ды паселішчаў у Луганскай і Данецкай вОбласцях.

Павышэнне актыўнасці назіраецца і з боку рэгулярных фармаванняў расейскага войска.

Цягам содняў украінска-расейскую мяжу мінулі калоны тэхнікі – не менш за паўсотні танкаў, баявыя машыны пяхоты і сістэмы залпавага агню. У раёне сяла Стралковае Херсонскай вобласці расейскія вайскоўцы ўзвялі ды ўмацавалі свае блокпасты.

Да таго ж сёння раніцаю быў падняты трывогаю ды пераведзены ў стан баявой гатовасці ўвесь асабісты склад Усходняй ваеннай акругі Расеі.

Украінскае ж камандаванне сцягвае ў зону канфлікту дадатковыя сілы дзеля аднаўлення баяздольнасці сваіх падраздзяленняў ды ўзмацнення абароны на пазіцыях, якія ўжо ўдалося вызваліць ад баевікоў. У стратэгічна важным МарыУпалі ўзвялі падвойное кола абарончых збудаванняў.

З моманту падпісання менскіх пагадненняў аб спыненні агню расейскія вайскоўцы ды баевікі самаабвешчаных рэспублік здзейснілі ўжо 129 нападаў на пазіцыі ўкраінскіх вайскоўцаў. У Кіеве разумеюць, што кожная хвіліна хісткага перамір’я можа стацца апошняю, ды рыхтуюцца працягваць змаганне за свае ўсходнія тэрыторыі.

Алесь Баразенка, “БелСат”, Кіеў

Стужка навінаў