Хацелі тры, папросяць адзін


Спачатку хацелі больш, цяпер зменшылі апетыт. Афіцыйны Менск просіць ад Міжнароднага валютнага фонду крэдыт у адзін мільярд долараў, але ўжо цягам наступнага года. Хоць раней з боку ўладаў была гаворка пра суму ўтрая большую, але раскладзеную на тры гады.

УЛАДЗІМІР КАВАЛКІН, ЭКАНАМІСТ, КІРАЎНІК ПРАЕКТУ «КОШТ УРАДУ»:

«Удалося нешта перахапіць у Еўразійскім фондзе і ёсць спадзяванні нешта атрымаць ад Расеі. Адпаведна наш урад хоча атрымаць меншую суму ад МВФ, чым прадугледжвалася».

І сапраўды, паводле Міністэрства фінансаў за першыя чатыры месяца сёлета «перахапілі» крэдытаў на амаль 800 мільёнаў долараў. Найбольш – паўмільярда ад Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця, яшчэ 153 мільёна – наўпрост ад расейскага ўраду і банкаў. Рэшта – ад Пекіну і Вашынгтону.

Перамовы наконт новай праграмы МВФ пачаліся яшчэ летась і цягнуцца дасюль. На мінулым тыдні ўладам прыгадалі асноўнае патрабаванне – рэформы, хуткія і глыбокія. А ўжо на наступны дзень пасля старту працы місіі фонду ў нашай краіне Лукашэнка паўтарыў, што не ў рэформах справа.

Кіраўнік краіны тлумачыць, што гэтак дбае пра народ, хоць акурат сам народ акурат рэформы падтрымлівае – у розных сферах.

АПЫТАННЕ:

«Любыя рэформы, толькі разумныя».

«Хутчэй за ўсё, патрэбная нейкая рэформа ў банкаўскім сектары. Разумееце, цяпер прадпрыемству браць пад адсоткі – самае мінімальнае 23-27 – гэта грабеж!»

«Памяняць сістэму кіравання, прыватызацыя».

«Куча лядовых палацаў, а на нейкую добрую справу ў нас нічога няма».

«Рэформы заводаў, прадпрыемстваў, якія насамрэч сядзяць у крэдытах, падатках, скарачаюць людзей».

Менавіта празрыстасці ў крэдытаванні і фінансаванні стратных прадпрыемстваў і чакае Міжнародны валютны фонд, звяртае ўвагу Уладзімір Кавалкін. Аднаго падаражэння камуналкі і павышэння пенсійнага ўзросту недастаткова. Крэдыт МВФ патрэбен, каб выплаціць старыя пазыкі – у наступным годзе гэта тры мільярды долараў.

УЛАДЗІМІР КАВАЛКІН, ЭКАНАМІСТ, КІРАЎНІК ПРАЕКТУ «КОШТ УРАДУ»:

«У тым выпадку калі мы не зможам знайсці грошай, каб рэфінансаваць пазыкі, нам агулам свеціць тое, што называецца суверэнны дэфолт з чарговым крызісам, з чарговай дэвальвацыяй, інфляцыяй».

Агулам, дзяржаўная пазыка вырасла з пачатку года на пяць з паловаю адсоткаў. На першага траўня гэтая лічба, паводле Мінфіну, складала амаль 350 трыльёнаў рублёў.

Ганна Любакова, belsat.eu

Стужка навінаў