Аман Тулееў абвінаваціў апазіцыю ў спробе «разгайдаць сітуацыю» пасля трагедыі ў Кемерава


Аман Тулееў назваў стыхійны мітынг у Кемерава спробаю апазіцыі «разгайдаць сітуацыю». Пра гэта ён заявіў падчас нарады з кіраўніком Расеі Уладзімірам Пуціным 27 сакавіка.

Экстранная нарада ў Кемерава.
Фота: kremlin.ru

«На горы людскім – уся апазіцыйная сіла прыехала: ідуць па дамах, ідуць на прадпрыемствы, якія побач, у жылы сектар. Сёння там дзесьці чалавек 200. Гэта наагул не сваякі загінулых. Мы працуем з імі, кажам: “Нельга, гэта святатацтва, калі гора, а ты спрабуеш на гэтым вырашыць нейкія свае праблемы”», – заявіў Тулееў.

Раніцай 27 сакавіка некалькі тысячаў жыхароў расейскага гораду Кемерава выйшлі на стыхійны мітынг да будынку абласной адміністрацыі праз трагедыю ў гандлёвым цэнтры «Зімовая вішня».

Паводле афіцыйнай інфармацыі, 25 сакавіка на пажары ў кемераўскім гандлёвым цэнтры загінулі 64 чалавекі. Сярод іх 41 дзіця.

Губернатар Кемераўскай вобласці паведаміў, што ўрад рэгіёну выдзеліць па мільёну расейскіх рублёў за кожнага загінулага. Фінансавая дапамога (мільён расейскіх рублёў) будзе таксама выдзеленая і з федэральнага бюджэту.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў