Грамадзянаў Еўразвязу будуць больш пільна правяраць на мяжы


[vc_row][vc_column][vc_single_image image=”43075″ img_size=”large”][/vc_column][/vc_row]Еўрапейскія міністры абмеркавалі ўзмацненне кантролю на мяжы Шэнгену.

Міністры ўнутраных справаў і юстыцыі краінаў ЕЗ звярнуліся да Еўрапейскай камісіі з просьбай у пачатку наступнага года змяніць працэдуру праверкі на пунктах пропуску Шэнгенскай зоны. Адпаведнае рашэнне было прынятае на пазачарговым паседжанні міністраў у Бруселі 20 лістапада.

У той жа час краіны-сябры аб’яднанай еўрапейскай супольнасці вырашылі «неадкладна здзейсніць неабходныя сістэматычныя і скаардынаваныя праверкі на вонкавых межах».

Гэта значыць, што памежнікі будуць правяраць праз Шэнгенскую інфармацыйную сістэму, ці не з’яўляюцца падарожнікі з пашпартамі ЕЗ патэнцыйна небяспечнымі і ці не шукае іх паліцыя. Дагэтуль спраўджвалася толькі сапраўднасць пашпарту краіны Еўразвязу.

Да такой меры падштурхнулі апошнія тэракты ў Парыжы, пасля якіх стала зразумелым, што некаторыя тэрарысты свабодна прыехалі з Сірыі па пашпартах Еўразвязу.

«У кантэксце сённяшняга міграцыйнага крызісу», міністры дамовіліся актываваць выкарыстоўванне акрамя згаданай Шэнгенскай інфармацыйнай сістэмы, базы Інтэрполу і базаў дадзеных паліцыі розных краінаў і новыя тэхналогіі.

«Наша калектыўная рэакцыя павінна быць бязлітаснай. Мы павінны скончыць з абяцаннямі, якія не выконваюцца, з зацягваннем і са спазненнямі. У праціўным выпадку Еўропа можа сябе згубіць», – заявіў міністр унутраных справаў Францыі Бэрнар Казанёў.

Таксама міністры вырашылі дабівацца, каб дадзеныя пасажыраў авіярэйсаў Еўразвязу, як унутраных так і вонкавых, захоўваліся цягам года. У сваю чаргу Еўрапарламент лічыць, што варта захоўваць толькі звесткі пасажыраў, якія перасякаюць мяжу ЕЗ, і толькі цягам аднаго месяца.

Акрамя таго, Францыя выступіла з патрабаваннем спыніць кантрабанду зброі, асабліва з заходніх Балканаў.

НМ, belsat.eu, паводле Euobserver.com, фота axa-schengen.com (мапа Шэнгенскай зоны)

Стужка навінаў