Горадня. Улады і апазіцыя супраць георгіеўскай стужкі

photo

На фестывалі славянскіх баявых мастацтваў змяшаліся рыцары ВКЛ, нёманскія казакі, Вялікая Айчынная і расейскія какошнікі. Фота – Герман Сачук / Белсат

На фестывалі славянскіх баявых мастацтваў у Горадні георгіеўскія стужкі не раздавалі. Але яны ўсё роўна былі.

Паказ славянскіх баявых мастацтваў у Горадні прайшоў сёлета ў 17-ы раз, сёлета ён быў прысвечаны 72-й гадавіне Перамогі – і прайшоў напярэдадні 9 траўня.

Бацька з дачкой на фестывалі славянскіх баявых мастацтваў у Горадні. Фота Герман Сачук / Белсат

Куды падзеўся«РуМол»?

Імпрэза для вузкіх колаў (у фестывалі бяруць удзел галоўным чынам спартовыя і армейскія аб’яднанні з Беларусі, Расеі і Украіны) атрымала розгалас у 2016-м праз масавую раздачу на ёй георгіеўскіх стужак. Рабілі гэта актывісты прарасейскай арганізацыі «Русь маладая» (РуМол), якая прапагандуе «безбар’ерную расейскамоўную прастору» і пашырэнне расейскай культуры ў Беларусі.

Летась на фестывалі славянскіх баявых мастацтваў распаўсюдам георгіеўскай стужкі займаліся актывісты «Руси молодой». Горадня, 1 траўня 2016 г. Фота – Герман Сачук / Белсат

Паводле «Нашай Нівы», лідар руху Сяргей Лушч у мінулым быў волхвам неапаганскай секты «Схорон еж славен» («Захаванне ўсіх славянаў»).

Сярод арганізатараў сёлетняга свята – гарадзенскія ўлады, мясцовая казацкая арганізацыя, абласная арганізацыя грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане», грамадскае аб’яднанне «Русь» і аб’яднанне «Клуб славянскіх адзінаборстваў «Арыдан».

8 траўня мясцовыя апазіцыянеры – Сяргей Верамеенка (БХД), Ежы Грыгенча (АГП) і Анатоль Мышкевіч (БСДП) – нават адправіліся на фестываль, каб пракантраляваць магчымую раздачу.

Над адным з намётаў лунаюць «Вежы Гедыміна». Фота – Герман Сачук / Белсат

І хаця стужкі можна было заўважыць на вопратцы гарадзенцаў або на мундзірах «нёманскіх казакоў», атрыбутыку ніхто не раздаваў. Імаверна, беларускія ўлады негалосна пачалі пазбягаць «каларадак» пасля таго, як яна стала сімвалам прарасейскіх сепаратыстаў ува Украіне.

Вінегрэт эпохаў

Акрамя паказальных спаборніцтваў, стральбы з лука і коннай язды, на тэрыторыі фестывалю адкрыўся мабільны музей Вялікай Айчынай вайны з экспазіцыяй, прысвечанай першаму этапу вызвалення Беларусі ад фашыстаў.

На фестывалі славянскіх баявых мастацтваў у Горадні. Фота – Герман Сачук / Белсат

Старабеларуская атмасфера перапляталася з сучаснай расейскай поп-культурай. Удзельнікі гарадзенскіх рыцарскіх клубаў біліся на мячах у сярэднявечных строях пад песні дзяўчат у расейскіх строях з какошнікамі. А «нёманскія казакі» шпацыравалі паміж намётамі, на адным з якіх лунаў сцяг з гербам «Калюмны» («Слупамі Гедыміна») – адным з дзяржаўных сімвалаў Вялікага княства Літоўскага.

Госці фестывалю славянскіх баявых мастацтваў фатаграфуюцца з ўдзельнікамі. Фота – Герман Сачук / Белсат

Завяршыўся фестываль выступам ансамблю казацкай песні «Раздолье».

Паўліна Валіш

Глядзі таксама
Каментары