Гомельскую журналістку аштрафавалі за стрым на ўласным «Facebook’у»

Фота

На знак пратэсту журналістка Ларыса Шчыракова прыйшла ў Калінкавіцкі раённы суд з завязаным ротам.

Ларыса Шчыракова ў судзе

У красавіку 2018 года Ларыса Шчыракова зладзіла некалькі стрымаў з калінкавіцкай кватэры, дзе галадалі маці асуджаных па артыкуле 328 Крымінальнага кодэкса. Журналістка ладзіла стрымы на ўласным «Facebook’у». Тэлеканал «Белсат» апублікаваў ейнае відэа на belsat.eu.

Нагадаем, што ўдзельніцы галадоўкі патрабавалі змякчыць пакаранне па «наркатычным» артыкуле.

Ларыса Шчыракова (другая злева) з удзельніцамі галадоўкі. Фота – facebook.com/glomazd

У выніку суддзя Кугейка Святлана пастанавіла пакараць журналістку за незаконны выраб і распаўсюд інфармацыі (арт. 22.9 КоАП РБ) штрафам у памеры 40 базавых велічыняў (Br 980). Журналістка збіраецца абскарджваць прысуд.

Суддзя Кугейка Святлана

28 траўня на незалежных журналістаў з Глыбокага Таццяну Смоткіну і Змітра Лупача ў міліцыі склалі адразу пяць адміністрацыйных пратаколаў (той жа артыкул).

29 траўня ў Менску ў міліцыю выклікаюць адразу некалькі журналістаў, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам»: Кацярыну Андрэеву, Сяргея Кавалёва, Таццяну Белашову, Віталя Дубіка, Вольгу Чайчыц і Андруся Козела. Рэпрэсіі супраць беларускіх журналістаў раней асудзілі ў АБСЕ ды Еўрапарламенце.

У сярэдзіне траўня гомельскі блогер Максім Філіповіч распавёў, што яго збіраюцца судзіць за супрацу з «Белсатам». Паводле гомельскіх праваахоўнікаў, «Белсат» «узяў» відэа Максіма Філіповіча і на падставе гэтага міліцыя зрабіла выснову, што блогер «супрацоўнічае» з нашым тэлеканалам.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары