Гомельскі суд у два разы знізіў штраф Кастусю Жукоўскаму


Кастусь Жукоўскі, gomelspring.org

Суддзя абласнога суду Гомля Васіль Бягун падтрымаў скаргу фрылансера на пастанову суддзі Жлобінскага раёну Валянціны Сапонавай і знізіў памер штрафу з 16,8 млн рублёў да 8,4 млн.

Гэткім чынам абласны суддзя паправіў свайго раённага калегу. У Жлобінскім судзе Жукоўскага асудзілі па правілах сукупнасці правапарушэнняў, хаця згодна з законам неабходна ўжываць правіла аб іх паўторнасці.

Праваабаронца Леанід Судаленка заявіў, што абласны суддзя выправіў памылку раённага суддзі. У іншым сітуацыя вакол пераследу фрылансераў пакуль не памянялася.

«Валянціна Сапонава прызначаная суддзёй толькі ў мінулым годзе, магчыма ў яе не хапіла вопыту разгляду адміністрацыйных спраў, вось яна і «секанула» спадара Жукоўскага максімальнымі штрафамі».

Сёлета фрылансера Кастуся Жукоўскага ўжо сёмы раз пакаралі штрафам за супрацу з «Белсатам». Пасля суду на знак пратэсту Кастусь Жукоўскі зашыў сабе рот.

ДР, belsat.eu

 

Глядзі таксама
Каментары