Гнеў тых, хто не дараваў. У баснійскай Срэбрэніцы Сербскую дэлегацыю закідалі камянямі


Узяць удзел у мерапрыемствах, прысвечаных 20-м угодкам забойства 8-мі тысяч мусульманаў баснійскімі сербамі, у Срэбрэніцу прыехалі некалькі дзясяткаў тысяч чалавек.

Сербская дэлегацыя заўчасна пакінула жалобную цырымонію ў баснійскай Срэбрэніцы пасля таго, як у прэм’ер-міністра Сербіі з натоўпу паляцелі камяні ды бутэлькі. Перад гэтым Аляксандр Вучыч выступіў з прамоваю, аднак быў сустрэты таксама непрыхільна.

АЦАЛЕЛЫ ЖЫХАР СРЭБРЭНІЦЫ:

«Гэтая трагедыя адбылася не выпадкова, гэта частка праекту стварэння Вялікай Сербіі, які, аднак, праваліўся. Я хачу заклікаць усе краіны асудзіць генацыд – незалежна ад таго, дзе ён адбыўся і якая нацыя сталася ягонаю ахвяраю – каб гэтае злачынства больш ніколі не паўтарылася».

Між тым памятаюць пра трагедыю і ў Сербіі. Напярэдадні паліцыя забараніла якія-колечы публічныя сходы і акцыі ў сталіцы, каб пазбегчы магчымых правакацыяў і масавых беспарадкаў. Не зважаючы на гэта, каля 200 чалавек усё-ткі выйшлі да рэзідэнцыі прэзідэнта і запалілі знічкі на памяць ахвяраў разні ў Срэбрэніцы.

АРГАНІЗАТАР АКЦЫІ:

«Як бы там ні было, але і ў Бялградзе ёсць людзі, якія хочуць аддаць даніну павагі ахвярам генацыду ў Срэбрэніцы. І, не зважаючы на забарону нашага сходу каля парламенту, як тое было ў нашых планах, мы сабраліся тут».

Між тым не толькі ўльтраправыя сербскія нацыяналісты, правакацыяў ад якіх і чакала паліцыя, не прызнаюць разню ў Срэбрэніцы злачынствам. Днямі Расея заблакавала рэзалюцыю Рады бяспекі ААН аб прызнанні масавага забойства баснійскіх мусульманаў у 1995-м годзе генацыдам.

belsat.eu

Стужка навінаў