«Гэта, як выпечка хлеба. Збожжа маё, а хлеб – не»: за 2 дні журналіста-фрылансэра аштрафавалі на Br 1715


Суд Цэнтральнага раёну Гомля 6 чэрвеня аштрафаваў журналіста-фрылансэра Кастуся Жукоўскага паводле чатырох адміністрацыйных пратаколаў на 40 базавых велічыняў (Br 980).

Суддзя Віктар Казачок, які разглядаў 4 пратаколы, складзеныя на падставе часткі 2 артыкула 22.9 КаАП, прызнаў Жукоўскага вінаватым у незаконным вырабе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для тэлеканалу «Белсат», паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Віны сваёй Жукоўскі не прызнаў. Патлумачыў, што ён – журналіст-фрылансэр і не з’яўляецца штатным супрацоўнікам тэлеканалу «Белсат», не мае з ім працоўных дамоваў, адпаведна і акрэдытацыі ў беларускім МЗС яму не патрабуецца.

«Паверце, – тлумачыў у судзе Жукоўскі, – я нават не дасылаю на «Белсат» відэа. Я афіцыйна працую з агенцтвам «Ньюс інфармацыя», ім дасылаю відэа. Атрымліваю заробак, плачу з яго падаткі. Усё празрыста. Змяшчаю таксама відэа на сваёй старонцы ў YouTube у адкрытым доступе».

«Дык ёсць вашы здымкі ў сюжэтах «Белсату» ці няма?» – пытаўся суддзя.

«Ёсць кавалачкі, я не адмаўляю, але рабіць сюжэты я не маю магчымасці – у іх свае аўтары. Гэта, як выпечка хлеба. Збожжа маё, а хлеб (ён можа быць нават з «навічком») – гэта ж ужо не мая прадукцыя», – адказваў Жукоўскі.

На Кармяншчыне Жукоўскі з напарнікам здымаў на відэа згноены яшчэ з восені мінулагодні лён – яго склалі ў скірды, прыцерушылі саломай і пакінулі дагніваць на полі.

У Гомлі Жукоўскі праводзіў, як сказана ў адміністрацыйным пратаколе, «інтэрв’юіраванне» гараджан з нагоды 18-гадовага прысуду мазырчуку Андрэю Рабешку, які падчас начнога затрымання ў двары свайго дому парэзаў трох міліцыянтаў.

7 чэрвеня Калінкавіцкі суд аштрафаваў фрылансэра на 30 базавых (Br 735) за відэаматэрыялы выкарыстаныя ў сюжэце пра смерць жаўнера ў пад Менскам.

8 чэрвеня Кастусь Жукоўскі атрымаў чарговы пратакол з Кармы, дзе ён здымаў відэа пра дохлых куранят.

ЮВ, belsat.eu, паводле baj.by

Глядзі таксама
Каментары