Героі белсатаўскага фільму з Сібіры прыедуць у Беларусь. 1 чэрвеня – паказ стужкі (ВІДЭА)


Дакументальны фільм «Самаходы» пераносіць гледачоў за некалькі тысяч кіламетраў ад Беларусі ў заходнюю Сібір. Тут, у беларускіх вёсках, жывуць нашчадкі перасяленцаў, якія ў канцы Х1Х ст. у пошуках лепшае долі выехалі з Магілёўскай, Віцебскай, Гарадзенскай губерняў. Яны называюць сябе, як і іхныя дзяды з бацькамі, «самаходамі», бо прыйшлі ў Сібір на ўласную волю ды сваім ходам.

1 чэрвеня а 19.00 у Галерэі ТУТ.Бай (пр. Дзяржынскага 57) адбудзецца адкрыты паказ стужкі з удзелам творчай групы і герояў фільму.

У аповедах, успамінах і размовах герояў паўстаюць лёсы трох пакаленняў перасяленцаў. Яны захавалі тое, што звязвае іх з Беларуссю: беларускае вымаўленне, гутарковыя словы, рэчы, песні, некаторыя абрады і, галоўнае, – памяць пра сваё паходжанне.

На сустрэчы з імі вы пабачыце прыгатаванне традыцыйнага напою – самаробнага самаходскага піва, хмель для якога прывезлі з Беларусі, прыслухаецеся да бяседнікаў за гасцінным сібірскім сталом і паспрабуеце зразумець, чаму вось ужо больш за сто гадоў беларуская радзіма жыве ў іхных сэрцах, чаму яны называюць сябе беларусамі.

1 чэрвеня 2017 года, дзякуючы Міжнароднаму грамадскаму аб’яднанню «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», у Беларусь, на гістарычную радзіму, прыедуць героі дакументальнага фільма «Самаходы» і фальклорны гурт «Россияночка», якому ўжо 25 гадоў. У гледачоў будзе ўнікальная магчымасць асабіста пазнаёміцца з сібірскімі беларусамі, задаць пытанні, паслухаць у іхным выкананні старадаўнія самаходскія песні.

Госці прабудуць у Менску толькі адзін дзень, потым яны паедуць далей, у вёску Рагінь Буда-Кашалёўскага раёну (Магілёўская вобласць), адкуль паходзяць іхныя продкі.

Чытайце таксама:

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары