Александр Федута Георгіеўская стужка і спрынт наперадзе паравоза

паліткансультант

Фота http://kurjer.info

Думаю, гэтыя мае развагі не дададуць мне сімпатыяў дэмакратычнай часткі беларускага грамадства, але і прамаўчаць, на жаль, не змагу.

На святкаванні 9 траўня жанчына, якая прадставілася пазней як «ідэолаг», падышла да шасцікласніцы ў Слуцку, зняла з яе бутаньерку са славутай «георгіеўскай стужачкай» і пайшла далей кантраляваць ці адпавядае вонкавы выгляд дзяцей таму, што яна разумее пад дзяржаўнай ідэалогіяй.

Бацькі абурыліся, і дзякуючы гэтаму абурэнню, пра тое, што здарылася даведалася прэса, а ўжо з яе – і ўсе мы.

Я не фанат таго сэнсу, які сёння замацавалі за георгіеўскай стужкаю. Сталін, спрабуючы перахапіць яе ў вайне – у тым ліку – за гістарычную памяць, зрабіў выгляд, што не заўважыў, як яе выкарыстоўвалі ўласоўцы. І недарэчна забываць не толькі пра гэта, але і пра прэтэнзію сённяшніх гаспадароў Крамля на выкарыстанне георгіеўскай стужкі ў якасці своеасаблівай дэмаркацыйнай лініі: маўляў, дзе яна, там «русский мир», там Руссю пахне.

Агулам, сам яе не апрану і іншым не параю.

Але ўся гэтая гісторыя нагадала мне верасень 1991 года. Тады, пасля путчу і забароны КПСС, але яшчэ перад распадам СССР, на «лінейкі» з нагоды 1 верасня шматлікія школьнікі прыйшлі ў акцябрацкіх «зорачках», піянерскіх гальштуках і камсамольскіх значках. І мне – сакратару ЦК камсамолу рэспублікі – распавядалі потым, як дырэктар адной са школаў на Віцебшчыне, усяго тры месяцы перад тым працаваў інструктарам ідэалагічнага аддзелу райкама партыі, мокры ад поту, бегаў па пляцоўцы перад школай і крычаў на святочна апранутых дзяцей:

– Здымайце! Гальштукі здымайце, значкі! Вы што – не разумееце? Вас жа ўсіх саджаць будуць!

І зрываў уласнаручна – і гальштукі, і значкі.

Я бы забыў пра гэта, каб не быў я яшчэ ў лютым 1991 школьным настаўнікам. І псіхалогію дзяцей я ўяўляў сабе вельмі добра.

Дзіця прыходзіць на свята. Прыходзіць шчаслівае, шчырае, яму добра. Гэта мы, дарослыя, укладаем у колер гальштука, у твар на значку, у колер стужачкі на бутаньерцы пэўны сэнс. Дзіця хвалюе іншае – атмасфера свята. Ён – не ідэолаг.

Да яго падыходзіць незразумелая цётка, зрывае (добра – адшпільвае, калі вам гэта больш да спадобы) бутаньерку і ідзе далей. Нічога пры гэтым не патлумачыўшы.

Ўсё. Свята скончылася.

Гэта і ёсць – ідэалогія. Яна, цётка гэтая, і бацькам нічога толкам растлумачыць не змагла (не захацела ці не здолела?). Проста:

– У нас у Беларусі свая ідэалогія.

Паненка, не праходзьце міма! Растлумачце мне, калі ласка, што такое – ідэалогія? Якая яна? З чым яе ядуць? Чаму прынцыпова важна – адшпіліць бутаньерку, нічога не патлумачыўшы выразна, і сапсаваць дзіцяці свята?

У свой час вярхоўны ідэолаг Беларусі Уладзімір Замяталін патлумачыў журналістам, якія пацікавіліся, чаму адключылі трансляцыю так званага Параду Перамогі з Масквы:

– Гэта – рэалізацыя суверэнітэту Беларусі.

Так? Вы патлумачылі гэта ветэранам вайны? Растлумачылі гэта старым? Бо дзяржаўная ідэалогія – гэта тое, што можна і трэба растлумачыць дзецям і старым. Растлумачце ж, чаму ідэалагічна правільна – плюнуць дзіцяці ды старому ў душу?

Усё вырашалася проста. Класны кіраўнік падыходзіць да бацькоў дзяўчынкі і просіць:

– Мар’я Іванаўна, калі можна, наступным разам – хай Кацечка прыйдзе на свята з дзяржаўнымі сімваламі. Напрыклад, з нашым дзяржаўным сцяжком пад бутаньеркаю. Мы цяпер акурат спрабуем растлумачыць дзецям каштоўнасць дзяржаўнай сімволікі. Добра?

Наступным разам. І не дзіцяці – бацькам. І не ідэалогіяй вашай долбанай (так, падаецца, палкоўнік Замяталін казаў пра дзяржаўную мову?), у якой вы самі ні храна зразумець і сфармуляваць не можаце, а каштоўнасцю дзяржаўнай сімволікі, дзяржаўнага суверэнітэту растлумачце сваю прапанову. Не загад – прапанову, просьбу. Каб бацькі не падумалі, што іх дзіця здзейсніла нешта заганнае і заслугоўвае ў вашых вачах пакарання.

Справа не ў сімволіцы і не ў колерах стужачкі. Справа ў дзіцячай душы. Які вы, на хрэн, педагог – тым больш метадыст райана! – калі вы гэтага не разумееце?

Але ідэолаг тым і адрозніваецца ад настаўніка, што ён нічога і нікому не тлумачыць. Ён аддае загады і наводзіць парадак. І на дзіця яму пляваць. Учора дзіцяці тлумачылі адно, заўтра – іншае, паслязаўтра – не растлумачаць наагул нічога. Важна паспець прабегчы наперадзе паравоза кіраўнікоў з такой хуткасцю, каб носьбіты вярхоўнай улады змаглі ацаніць вашую адданасць і разглядзець стужачку на вашай бутаньерцы.

Але нічога… Чарговы раз зменіцца курс дзяржаўнага карабля, і чарговы ідэалагічны працаўнік з мандатам дырэктара школы будзе ўласнаручна зрываць з дзяцей 1 верасня сімволіку састарэлай дзяржавы і крычаць, баючыся не столькі за іх, колькі за сябе:

– Вы што – не разумееце? Вас жа ўсіх саджаць будуць!

Аляксандр Фядута, belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Глядзі таксама
Каментары