Генпракурор Украіны назваў заказчыкаў забойства экс-дэпутата Дзярждумы Расеі


Пракуратура Украіны перадае ў суд справу аб забойстве ў цэнтры Кіева былога дэпутата Дзяржаўнай думы РФ Дзяніса Вараненкова.

«Фактычным заказчыкам забойства, паводле інфармацыі галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны, пацверджанай следствам сталічнай пракуратуры, стаў падкантрольны ФСБ крымінальны аўтарытэт Цюрын Уладзімір Анатольевіч, грамадзянін Расейскай Федэрацыі», – распавёў генпракурор Юры Луцэнка падчас брыфінгу.

Паводле Луцэнка, паказанні Вараненкова, якія дэпутат даў ва Украіне, «прывялі да занепакоенасці вышэйшых колаў Крамля і па дакладна ўсталяванай версіі следства кіраўніцтва ФСБ сумесна з кіраўнікамі крымінальнага свету Расеі падрыхтавалі дзеянні па забойстве або ліквідацыі, з іх пункту гледжання, надзвычай каштоўнага сведкі».

Цюрын – былы муж удавы Вараненкова Марыі Максакавай – пражывае ў Расеі. Выканаўцы злачынства, паводле следства, былі пераважна грамадзянамі Украіны. «Непасрэдны выканаўца Паршоў быў застрэлены падчас здзейснення злачынства, – нагадаў Луцэнка, – Лось і Тарасенка затрыманы, Васіленка і Левенец – у вышуку».

Былы дэпутат Дзярждумы ад Камуністычнай партыі РФ Дзяніс Вараненкоў быў аб’яўлены з федэральны вышук па падазрэнні ў махлярстве, паведаміў Следчы камітэт сёлета ў лютым. Раней Вараненкоў з жонкай Марыяй Максакавай з’ехалі ў Кіеў і атрымалі ўкраінскае грамадзянства.

Пасля атрымання грамадзянства Вараненкоў даў у Кіеве паказанні Генпракуратуры аб агрэсіі Расеі супраць Украіны, а таксама аб дзейнасці былога прэзідэнта Віктара Януковіча. Экс-дэпутат назваў памылкай анексію Крыму і параўнаў сучасную Расею з нацысцкай Нямеччынай.

23 сакавіка Вараненкова застрэлілі ў цэнтры Кіева. Як распавядала Марыя Максакава, за дзень да забойства экс-дэпутата ягонага кіроўцу на тэрыторыі Беларусі выкрала ФСБ.

 

ІІ, belsat.eu, паводле ZN.ua

Глядзі таксама
Каментары