«Гатовыя “ўпрагчыся” – спрабуйце!» Чым скончыўся збор для сляпога паэта


Журналіст «Белсату» Зміцер Ягораў апублікаваў справаздачу пра збор сродкаў для Алеся Чобата – невідушчага паэта, які ў адзіноце жыве пад Горадняй.

Акцыя распачалася дзякуючы артыкулу на belsat.eu – Алесь Чобат. Сляпы паэт у стогадовай хаце

Пабачыўшы хвалю каментароў у сацыяльных сетках з прапановаю дапамогі, наш журналіст вырашыў арганізаваць збор сродкаў. Агулам на дапамогу паэту ўдалося сабраць амаль 1 500 рублёў, ахврадаўцамі выступілі дзясяткі асобаў з Беларусі і замежжа. Сёння на сваім акаўнце ў сацыяльных сетках Зміцер Ягораў апублікаваў фінансавую справаздачу і падзяліўся сваймі ўражаннямі ад акцыі:

«Сябры, я гэты пост абдумваў і пісаў некалькі дзён. Гэта справаздача па акцыі дапамогі Алесю Чобату. На гэтым я перагарну пэўную «старонку». Але мушу адрэфлексаваць і адсправаздачыцца.

Я раней пісаў, што ніколі падобнымі рэчамі не займаўся. І калі ўзяўся, не верыў да канца ў тое, што грошы атрымаецца сабраць. «Нам так бракуе салідарнасці». «Лайкі не канвертуюцца ў рэальную справу». Так я думаў. І што ж, вельмі часта гэта сапраўды так. «Беларусы – самая адзінокая нацыя. У нас няма такой салідарнасці, як у вас, украінцаў – тлумачыў я Annie Veits з Луганску, па дарозе з Варшавы да Вільні. – Мы – група адзінак, мы рэдка дапамагаем адзін аднамо, бо не верым ва ўласную салідарнасць. І дарма». І я такім быў да таго, як пачаў збор для паэта. Я не верыў у НАС. Я верыў толькі ў сябе і быў перакананы, што ўсё скончыцца тым, што грошы пойдуць з Natallia Yahorava сямейнага бюджэту і быў папярэдне згодны на гэта. Бо ўзяўся за справу. А за першыя ж 24 гадзіны мы сабралі на Талацэ 90% ад патрэбнай сумы.

Прабачце, што я не верыў у вас, мая шаноўная беларуская грамада. Я імкнуся дапамагаць іншым людзям: сваім часам, сваймі сіламі і натхненнем, сваймі грошамі. І так рэдка разлічваў на тое, што хтосьці можа да мяне далучыцца. Я думаю, у Беларусі шмат такіх, як я. І нам трэба яднацца. Вялікія добрыя справы, якія не пацягнуць у адзіночку, разам – зможам рабіць. Дзякуй.

Рондаль і кава для Алеся Чобата

Агулам да справы спрычыніліся больш за сотню асобаў. Хто грашыма, хто высілкамі. Пісалі артыкулы (з Белсатаўскага артыкулу ўсё і пачалося ды прапановы Yauheni Klishevich зарганізаваць збор на Платформа Talaka), дапамагалі складаць спіс патрэбаў, кантактавалі з паэтам, перавозілі рэчы з Варшавы ў Вільню а потым у Беларусь. Куплялі рэчы ў Беларусі. Перадавалі грошы гатоўкаю і банкаўскімі пераводамі. Узялі на сябе фінансавую адказнасць за электронны гаманец. Ездзілі да Чобата ў рэшце рэштаў.

У гэтым пасце я «затэгаю» шмат людзей, але напэўна не ўсіх, хто спрычыніўся. Бо некаторых я нават не ведаю! Так, я ўклаў высілкі і ўласны час у гэта ўсё, але я не адчуваў сябе лакаматывам, паравозам ці клячай, якая ўсё цягне на сабе. Я адчуваў вашую падтрымку ўвесь час!

Дапамагалі людзі з Беларусі – хто 5 рублёў, хто 50. З замежжа таксама. Геаграфія фантастычная: Беларусь, Польшча, Літва, Нямеччына, Францыя, Чэхія. Можа і яшчэ іншыя краіны, я проста не ведаю ўсіх ахвярадаўцаў асабіста. Дзякуй за вашую дапамогу, дзякую вам ад імя паэта. І дзякую ад свайго імя. Для мяне гэта была вялікая навука пра салідарнасць і пра нас, беларусаў.

Валанцёр Юры з Горадні прывёз рэчы паўту

На жаль, мы не змянілі кардынальна жыццё спадара Чобата. Але мы зрабілі добрую справу. Жыць яму стала лепш, камфортней, зʼявіліся тыя рэчы першай неабходнасці, якіх катастрафічна бракавала. Я не збіраюся неяк «прыватызаваць» права на дапамогу.

Больш за тое, я заклікаю ўсіх неабыякавых: калі вы маеце ідэю, як дапамагчы Чобату, гатовыя «ўпрагчыся» – спрабуйце! Але не парадамі ў каментарах, а рэальнай справай: пастаўце мэту і задачы, распрацуйце план, шукайце аднадумцаў. І вы пабачыце, што памочнікаў на добрую справу вы знойдзеце больш, чымся маглі ўявіць у самых смелых марах!

Я па меры магчымасцяў далучуся, я не прайду міма.

Увесну гарадзенскія валанцёры збіраюцца дапамагчы з рамонтам Чобату. Там патрэбныя не толькі грошы – патрэбныя рукі і час.

«Я пра адно толькі прашу. Не толькі мне дапамагайце. дапамагайце ўсім, каму можаце дапамагчы. Дзяліцеся», – гэта сказаў Алесь Чобат, калі да яго прыехалі валанцёры… Я думаю, гэта вельмі важныя словы».

Глядзіце таксама: Як валанцёры ездзілі да Алеся Чобата

ДП, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары