Гарадзенскіх фрылансераў зноў абвінавачваюць у супрацы з «Белсатам» без акрэдытацыі


Незалежных журналістаў з Горадні Алеся Кіркевіча і Алеся Дзянісава выклікалі ў пастарунак. Фрылансэраў чарговы раз вінавацяць у супрацы з нашым тэлеканалам без акрэдытацыі паводле часткі 2 артыкула 22.9 «Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ». Нагодай стаўся сюжэт пра выставу лялек, зробленых літоўскімі мастакамі, якая праходзіла ў гарадзенская Выставачнай залі.

Пратакол на Алеся Кіркевіча ўжо склалі, а ягоны калега Алесь Дзянісаў у міліцыю пойдзе заўтра. Абодва адмаўляюцца ад дачы сведчанняў.

У якасці сведкаў па справе праходзіць мастак Аляксандр Сільвановіч, які даваў каналу інтэрвю ды гаспадыня галерэі Ірына Сільвановіч. Генеральнага ж консула Літвы Аўшру Чэрнявічэнэ, якая таксама фігуруе ў сюжэце, міліцыянты выклікаць, мабыць, пасаромеліся.

Журналісты мяркуюць, што такім чынам адбываецца выцісканне незалежных СМІ са сферы культуры. Бо пасля кожнага такога працэсу, дзверы яшчэ адной установы для недзяржаўных журналістаў зачыняюцца.

Нагадаем, што папярэдняя справа супраць Дзянісава і Кіркевіча па даным артыкуле была ўзбуджаная ў красавіку гэтага года з нагоды матэрыялу, зробленага ў Гарадзенскім музеі гісторыі рэлігіі.

ВШ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары