Гарадзенец прынёс у міліцыю «штраф» за прагляд порна


У Беларусі працягвае развіццё тэма махлярства ў інтэрнэце, калі злачынцы блакуюць камп’ютар і патрабуюць ад імя МУС, каб карыстальнік праз электронны гаманец выплаціў штраф 1 млн. рублёў за прагляд порнасайтаў.

На гэтым тыдні пра гэтую праблему паведаміла Міністэрства ўнутраных спраў, якое ўстанавіла ўжо некалькі дзясяткаў пацярпелых.

Як паведаміў начальнік аддзела раскрыцця злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій УУС Гарадзенскага аблвыканкаму Сяргей Чарняк, нядаўна ў міліцыю звярнуўся жыхар гораду, мужчына сярэдніх гадоў. Ён прыйшоў з пашпартам і 1 млн руб. Гарадзенец прызнаўся, што наведваў порнасайты і гатовы заплаціць за гэта штраф. Толькі вось знаёмы з кампютарнымі тэхналогіямі не настолькі, каб выплаціць штраф з дапамогаю электроннага гаманца.

Адмысловец раіць: «Ні ў якім разе не ажыццяўляць аплаты! Захоўваць спакой і не паддавацца на правакацыі. Ёсць звесткі, што толькі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь махляры падманулі грамадзянаў на агульную суму большую за 40 млн. рублёў».

Ахвярам атакі махляроў рэкамендуецца зафіксаваць (сфатаграфаваць або запісаць) адрас старонкі і нумар кашалька; у залежнасці ад браўзера, які выкарыстоўваецца, проста закрыць укладку са старонкай, або закрыць браўзер, або (калі гэта магчыма) завяршыць працэс браўзера, выйсці на стальніцу, «рабочы стол» (клавішы Win+D), або праз дыспетчар задач (выклікаецца спалучэннем клавішаў Ctrl+Alt+Delete), а ў выпадку вострай неабходнасці звярнуцца да больш дасведчанага карыстальніка кампютара; правесці поўную праверку кампютара з выкарыстаннем антывіруснага праграмнага забеспячэння з актуальнымі базамі сігнатур вірусаў; захаваную інфармацыю (вашыя асабістыя звесткі, адрас старонкі і нумар гаманца) паведаміць у міліцыю.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Стужка навінаў