Гамяльчанка збірае калекцыю аўтэнтычных сялянскіх рэчаў: ад рушнікоў да іконаў

photo

Калекцыянаванне – спроба зарабіць ці захаваць? А можа і тое, і іншае? Пра гэта мы паразмаўлялі з гомельскай калекцыянеркай беларускіх артэфактаў – Ларысай Шчыраковай.

Ларыса ўжо ажно 23 гады збірае прадметы сялянскага побыту жыхароў Палесся, тканыя рушнікі, кашулі ды іншыя элементы вопраткі. Жанчына здабывае экспанаты для сваёй калекцыі падчас экспедыцый або паходаў па барахолках.

Да 1994 года ў сілу тагачаснай сістэмы адукацыі ментальна я была абсалютна рускім чалавекам. Але ўсё змянілася як толькі я трапіла ў краязнаўчую арганізацыю «Талака»: вакол мяне адразу з’явілася беларускамоўнае атачэнне, я зацікавілася беларускай культурай, традыцыямі і пачала ездзіць з талакоўцамі ў летнія вандроўкі.

Падчас такіх вандровак бачыш гэты тэкстыль, артэфакты і захапляешся прыгажосцю гэтых рэчаў і здольнасцямі людзей, якія іх рабілі. Да ўсяго, я гісторык па адукацыі і маю асабістую схільнасць нешта збіраць, захоўваць, архіваваць. І, безумоўна, мне захацелася мець сваю ўласную калекцыю такіх рэчаў: не толькі тэкстылю, але і калаўрот, напрыклад, нейкія артэфакты з сялянскага побыту. Нават калі ўзяць звычайную прыладу для прання і паглядзець на яе, то можна ўбачыць міні-твор мастацтва.

Ларыса Шчыракова

Абрусы

Больш за ўсё з тканых рэчаў падчас экспедыцый здабываецца абрусаў. Маю калекцыю складаюць абрусы пераважна з Гомельскага раёну, але ёсць і Буда-Кашалёўскія ды Калінкавіцкія. Часам у экспедыцыях мы прымаем гэтыя рэчы бясплатна, але калі бясплатна не аддаюць, то і набываем за невялікія грошы. Безумоўна, такія рэчы вельмі дорага каштуюць. Але калі нехта аддае нядорага, то я заўжды набуду.

Таксама вялізная крыніца абрусаў – гэта барахолка. Адзін са сваіх экзэмпляраў, аздоблены вельмі прыгожымі махрамі, я набыла на барахолцы за 20 рублёў.Фота: 24, 25

Рушнікі

Мне ўжо цяжка прыгадаць, якая рэч была першай і распачала маю калекцыю, але ёсць рэчы, якія вылучаюцца з шэрагу іншых сваёй каштоўнасцю. Напрыклад, неглюбскае ткацтва. Даўжыня неглюбскага рушніка можа дасягаць больш за тры метры.

Рушнікі

А вось гэта маёй бабулі рушнік. Яна з вёскі Целяшоўская Рудня Гомельскага раёна. Гэта для мяне вельмі важная і каштоўная рэч сярод маёй калекцыі.

Рушнікі

Адзенне

Сарочка буда-кашалёўская. Неяк, набыўшы на барахолцы сёе-тое, я запыталася ў кабеты ці мае яна яшчэ нешта. Яна кажа: «так, маю нейкую там сарочку, але не ведаю ці трэба яна вам». Я як убачыла гэтую сарочку – адразу яе набыла, бо яна была аздобленая кветкамі ды блакітнай вышыўкай.

Ёсць у маёй калекцыі і строй, які трапіў да мяне са «смяротнага вузялка», які бабуля з вёскі Ляды рыхтавала для сябе. У кожнай бабулі ёсць такі смяротны вузялок, куды яны складаюць рэчы, у якіх хочуць быць пахаванымі. Вельмі часта там знаходзяцца сарочкі. Аднойчы падчас экспедыцыі мы прыехалі ў вёску Ляды.

Там літаральна некалькі хат засталося, і ў адну мы завіталі. Сталі распытваць, прасіць паказаць, калі што засталося. Бабуля дастала свой «вузялок» і кажа: «ну вось, дзеткі, гэта мне на смерць». Мы кажам: «бабуля, ды навошта табе гэта, хай табе можа нешта больш сучаснае апрануць, а гэтую прадай нам для навукі, каб людзі глядзелі». Яна кажа «ну бярыце, што ж зробіш».

Сялянскае адзенне

Ёсць у мяне таксама і неглюбскія сарочкі. Я набыла прыкладна штук пяць такіх сарочак у адной бабкі. Наагул у Неглюбцы традыцыя ткацтва вельмі развітая і захоўваецца дагэтуль. Неглюбскія сарочкі шчодра дэкараваныя чырвоным, таксама вышытыя каўнер і падол. Сарочкі, якія прадстаўлены ў маёй калекцыі, хутчэй за ўсё ткалі майстрыхі прыкладна ў 40-х гадах. Гэткія рэчы – вельмі далікатныя, бо ў іх выкарыстоўваліся натуральныя фарбавальнікі.

Таму сарочкі такія пралі абавязкова ў халоднай вадзе. Таксама варта заўважыць, што ўсе неглюбскія сарочкі маюць вельмі вялікае дэкальэ. Некаторыя не ведаюць навошта гэта зроблена і апранаюць кашулю разрэзам назад. Але гэта вельмі функцыянальнае прыстасаванне, якое выкарыстоўвалася для простасці кармлення. Зараз для моладзі гэта не так відавочна, бо ў поле ці на іншую працу ніхто немаўлят не бярэ.

Сялянскае адзенне

Знайсці пояс – рэдкасць. У мяне, фактычна, толькі адзін пояс і ёсць. Ён вельмі даўгі – метры 4 даўжынёй, але не вельмі добра захаваны. Гэты пояс завязваецца, каб утвараліся так званыя «вушкі».

Сялянскае адзенне

Неглюбскі кубак – рознакаляровы галаўны ўбор, я, па шчырасці, замаўляла ў майстроў. Ён не аўтэнтычны, а зроблены ўжо ў наш час.

Калаўрот

Адзін мой знаёмы набыў сабе хату ва Уваравічах і абмовіўся неяк, што ў гэтай хаце на гарышчы нешта валяецца. Мы прыехалі туды, я залезла, паглядзела, а там калаўрот ляжыць. Ён страшна выглядаў: быў зламаны абсалютна, стары, з’едзены шашалем. Мне яго крыху адрэстаўравалі, ножкі новыя паставілі, але тут яшчэ ўсё адно не хапае дэталяў. За прыклад узялі калаўрот з фондаў «Талакі», каб потым дэталі, якіх не дастае, аднавіць па яго ўзоры.

Калаўрот, знойдзены на гарышчы
Калаўрот «Талакі»

Іконы

Ікона наша сямейная. Хаця, магчыма, і не зусім. Калісьці матуля сказала, што ў яе на лецішчы ёсць нашая сямейная ікона. Я з’ездзіла і забрала яе. Але ўсё апынулася не так проста, як здавалася на першы погляд. Справа ў тым, што прадстаўнікі майго роду спрадвеку былі веткаўскімі стараабрадаўцамі. А ў стараабрадскіх іконах пад акладам звычайна прысутнічае ўвесь малюнак цалкам. Калі ж адкрылі аклад гэтай іконы – то пад ім нічога не апынулася. Таму гэтая ікона праваслаўная і належала, відаць, камусьці са сваякоў.

Яшчэ адна ікона была знойдзеная на тым жа гарышчы, дзе і калаўрот. Але яна ўся з’едзеная і, мне здаецца, што яна не ўяўляе ніякай каштоўнасці. Хіба што адрэстаўраваць.

Ікона

Новае – гэта забытае старое

Стол на жаль не аўтэнтычны, але ён зроблены пад старыну. Гэтая тэхніка называецца «брашыраванне» – устарэнне дрэва. Аўтэнтычнага стала я пакуль што нідзе не магу знайсці.

Стол

Куфар – гэта таксама навадзел. Але ён, як і стол, вельмі пасуе да інтэр’еру гэтага пакоя. Справа ў тым, што для мяне важна было не толькі мець усе гэтыя рэчы, але і каб была магчымасць проста імі любавацца, паказваць людзям у той атмасферы, у якой яны жылі. Раней у гэтым пакоі была кладоўка, але я наўмысна зрабіла тут своеасаблівы рамонт. І атрымаўся так званы этнаграфічны куток. У мяне заўжды была мара мець такі этнаграфічны куток і нарэшце яна спраўдзілася. Таму вось я толькі 2 месяцы таму пачала, але тут усё будзе дарабляцца.

Куфар

Планы на будучыню

Маё калекцыянаванне – не ёсць скрупулёзнай штодзённай руплівай працай. Я не шукаю гэтыя рэчы на сайтах, аўкцыёнах. Я проста бываю на вёсцы і калі ёсць магчымасць здабыць нейкую рэч – я набываю. На барахолцы таксама імкнуся набываць тыя рэчы, якіх у мяне яшчэ няма. Але сказаць, што я такі ўжо мегакалекцыянер, які прыцэльваецца, каб потым гэта пайшло ў нейкі музей – то не. Таму што гэта для душы, гэта хочацца захаваць, перадусім для сябе і сваёй сям’і. Бо ў музеях гэта ўсё ўжо ёсць. Напрыклад, асабліва багата рэчы з сялянскага побыту прадстаўлены ў фондах Веткаўскага музею.

Ларыса Шчыракова

Мне хацелася б мець тое, чаго ў мяне яшчэ няма. Напрыклад, калі нейкія строі: веткаўскі раён, буда-кашалёўскі раён і іншыя – у мяне прадстаўлены, то петрыкаўскага, жыткавіцкага строю ў мяне пакуль няма. Мая маці з нараўляншчыны, таму хацелася б мець нейкія рэчы з Нароўлі. Але ў гэтым годзе мы былі там у экспедыцыі і не знайшлі ніводнай сарочкі, нават не сфатаграфавалі.

Таксама ёсць ідэя манетызаваць гэты этнаграфічны куточак: даваць магчымасць фатографам правесці фотасесію ў інтэр’еры сялянскай хаты і скарыстацца гэтымі строямі, каб яны маглі апрануць мадэляў. Мне здаецца, што гэта цікава і будзе мець пэўны, хоць і не шалёны, попыт. Бо сфатаграфавацца ў сукенцы можа кожны чалавек, а вось сфатаграфавацца ў строі ў вясковым інтэр’еры – гэта ўжо цікава. Я спадзяюся, што аматары такіх фотасесій знойдуцца.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары