Галоўны трэнер чэмпіёнаў Беларусі па хакеі на траве пабіўся з суддзямі


Скандалам завяршыўся цэнтральны матч чэмпіянату Беларусі па хакеі на траве сярод мужчынскіх каманд паміж берасцейскім «Будаўніком» і хакейным клубам «Менск». Галоўны трэнер сталічнай каманды Сяргей Драздоў пасля заканчэння матчу паспрабаваў ударыць суддзю са Смалявічаў Аляксандра Грачова. Бойку на пачатковай стадыі прысяклі іншыя суддзі і работнікі берасцейскага клубу.

У чэмпіянаце Беларусі па хакеі на траве сярод мужчынскіх каманд выступае толькі сем каманд, але толькі дзве з іх разгульваюць чэмпіёнскае званне. Астатнія настолькі слабыя, што як правіла прайграюць берасцейцам і менчукам. У мінулым сезоне «Менск» упершыню ў сваёй гісторыі змог заваяваць залатыя ўзнагароды.

У матчах паміж «Будаўніком» і «Менскам» і вырашаецца, хто на гэты раз будзе чэмпіёнам. 3 чэрвеня ў Берасце перамаглі гаспадары – 2:1. У сярэдзіне другога тайма пасля не залічанага ў браму берасцейцаў гола галоўны трэнер менчукоў Сяргей Драздоў выбег на поле і стаў нецэнзурнай лексікай абражаць суддзю Аляксандра Грачова, за што быў выдалены з лавы запасных. Драздоў доўгі час адмаўляўся падпарадкоўвацца судзейскаму рашэнню, але ўсё ж быў вымушаны пакінуць лаўку запасных. Але пасля гульні Драздоў вырашыў разабрацца з суддзёй, ён схапіў Грачова за шыю і паспрабаваў ударыць у твар, але спроба бойкі была спынена. Ад каментароў Сяргей Драздоў адмовіўся, а абодва бакі канфлікту папрасілі не даваць інфармацыю ў СМІ.

СА. Belsat.eu

Стужка навінаў