Галадоўка не дапамагла. Ці дапаможа Міністэрства працы?


Сябры Свабоднага прафсаюзу беларускага ў Бабруйску пасля тыднёвай галадоўкі падалі петыцыю ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і ў Міністэрства прамысловасці.

Галадоўкай ды петыцыямі разбурыць мур беззаконня

Пад петыцыяй падпісаліся чацвёра працаўнікоў, звольненых гэтай восенню з бабруйскага Заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў (ТДіА) – Аляксандр Варанкін, Аляксандр Грамыка, Мікалай Жыбуль, Алег Шаўчэнка.

Петыцыя – чарговая спроба звольненых абараніць свае правы і звярнуць увагу грамадства на дыскрымінацыю ў дачыненні да незалежных прафсаюзаў. У звароце былыя працаўнікі зноў распавядаюць пра сітуацыю, што склалася на заводзе, і патрабуюць свайго аднаўлення на працы.

Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук зазначае, што чарговая петыцыя наўрад ці імгненна зменіць сітуацыю. Але змагацца трэба.

«Ад петыцыі мы не чакаем цуду. Бо яна не паваліць мур, што выбудоўваўся ў Беларусі цягам 20 гадоў. Мы разумеем,што незалежныя прафсаюзы і недэмакратычная ўлада – ад самага пачатку антаганісты. Але гэты мур інакш не разбурыць, як праз сталы ціск, праз падключэнне грамадскасці і розныя акцыі. І я не сумняюся, што перамогуць працоўныя Беларусі і незалежныя прафсаюзы», – лічыць прафсаюзны лідар.

Наладчык Аляксандр Варанкін, звольнены з заводу ТДіА ў кастрычніку, спадзяецца, што ўрэшце атрымаецца аднавіцца на працы.

«Нас зрабілі дармаедамі. А мы хочам застацца на гэтым заводзе, у тым калектыве, дзе шмат год прапрацавалі. Працаўнікоў падзялілі на дзве часткі. Нехта – пад дзяржавай, нехта – супраць. Нас нават да апазіцыі запісалі. Але мы не маем ніякага дачынення ні да апазіцыі, ні да палітыкі, мы проста хочам быць у свабодным незалежным прафсаюзе, які сапраўды абараняе правы працаўнікоў», – кажа Аляксандр.

На завод не вернецеся, бо перайшлі дарогу дырэктару

Чацвёра працаўнікоў заводу ТДіА, з якімі не працягнулі кантракт з-за іх прыналежнасці да Свабоднага прафсаюзу беларускага (СПБ), у знак пратэсту галадалі з 5 па 14 лістапада. Галадоўку працаўнікі распачалі ў будынку гарвыканкама, на што хутка адрэагавала бабруйская міліцыя. Вядомы сваімі расправамі з актывістамі падпалкоўнік Сяргей Рудзько склаў на сябраў СПБ пратаколы і абвінавачвае іх паводле артыкула 23.34 КоАП – парушэнне парадку правядзення мітынгаў і пікетаў.

На галадоўку працаўнікі адважыліся пасля таго, як не дачакаліся адказу ад Аляксандра Лукашэнкі, да якога звярнуліся з калектыўным лістом. Яны прасілі кіраўніка дзяржавы разабрацца з незаконнымі звальненнямі працаўнікоў з заводу ТДіА. Але зварот быў вернуты ў адміністрацыю заводу, ад якой прыйшоў адказ, што факты, выкладзеныя ў лісце, не пацвердзіліся.

Спрабавалі звольненыя працаўнікі дамагчыся справядлівасці ад выканаўчай улады Бабруйску. Старшыня гарвыканкама Андрэй Каваленка паабяцаў звольненым уладкаваць іх на любое іншае прадпрыемства ў Бабруйску. А вось на ТДіА яны больш працаваць не змогуць, бо ў іх, працаўнікоў, дрэнныя адносіны з дырэктарам Аляксандрам Аграновічам.

Галадоўнікаў падтрымалі сябры СПБ, што яшчэ працуюць на заводзе, і іншыя бабруйскія актывісты.

«Дырэктар каментароў не дае»

Кіраўніцтва заводу па-ранейшаму адмаўляецца ад якіх-кольвек тлумачэнняў.

«Па пытаннях звальненняў дырэктар каментароў не дае. На асабісты прыём я запісаць вас таксама не магу, бо пытанне пра галадоўку – не асабістае пытанне», – адказала сакратар на спробу паразмаўляць з дырэктарам па тэлефоне ці асабіста.

Дыскрымінацыйная палітыка ў дачыненні да Свабоднага прафсаюзу беларускага трывае і на іншых прадпрыемствах краіны. Так, у Полацку на «Шкловалакне» таксама звальняюць сябраў СПБ. Старшыня полацкай ячэйкі СПБ Віктар Стукаў не маю доступу на завод.

У лютым наступнага года ў Менску пройдзе Міжнародная прафсаюзная канферэнцыя з удзелам чальцоў Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў. Адной з галоўных тэмаў на канферэнцыі будзе бабруйская сітуацыя.

Алена Краўчанка, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары