ФБР знайшло карціну Шагала, якую скралі 30 гадоў таму


Палатно 1911 году знайшлі амаль праз 30 гадоў пасля таго, як яго скралі ў доме на Мангэтане ў Нью-Ёрку.

Пра гэта паведамляе Федэральнае бюро расследаванняў ЗША.

Мадэрнісцкую працу вядомага мастака беларускага паходжання Марка Шагала, якая называецца «Атэла і Дэздэмона», знайшлі летась.

Мужчына-пасярэднік спрабаваў даставіць карціну ў вашынгтонскую галерэю, аднак адсутнасць дакументаў, якія б пацвярджалі сапраўднасць і паходжанне працы, выклікала падазрэнне ў супрацоўнікаў галерэі.

Федэральнае бюро расследаванняў даведалася, што мужчына шмат гадоў захоўваў карціну ў сябе на паддашку ў скрынцы, збітай з дзвярнога вушака і фанеры.

Палатно скралі з дома сям’і Гэлер, калі муж і жонка паехалі ў адпачынак.

Крадзеж здзейсніў працаўнік будынку, у якім жыла сям’я. Злачынца перадаў карціну знаёмаму для перапродажу, але патэнцыйны пакупнік адмовіўся. Пасярэднік спрабаваў зноў прадаць карціну ў 2011 годзе, а пасля ў 2017-м, праз галерэю.

«Уладальнікі галерэй – нашая першая лінія абароны ў вызначэнні прадметаў мастацтва, якія не маюць адпаведнай дакументацыі і пра якія трэба паведамляць праваахоўнікам», – патлумачыў спецагент ФБР па злачынствах у галіне мастацтва Тым Карпэнтэр.

Гэлеры, якія набылі карціну ў 1920-я, ужо памерлі. Цяпер палатно даставяць у іхны радавы маёнтак, а потым выставяць на аўкцыён. Атрыманыя грошы ў тым ліку пакрыюць страхоўку, якую шмат гадоў таму выплацілі пасля крадзяжу.

Тэрмін даўніны злачынства ўжо мінуў, а таму ні злодзей, ні пасярэднік адказнасці не панясуць.

НМ, belsat.eu, фотаздымкі ФБР

Стужка навінаў