Фанаты берасцейскага «Дынама» падарылі камандзе новую форму з надпісамі па-беларуску


Заўзятары берасцейскага «Дынама» прыехалі 12 траўня на базу каманды і падарылі гульцам камплекты спартовай формы, набытыя на свае грошы. Важна, што прозвішчы гульцоў на новай форме напісаныя па-беларуску.

У 2013 годзе футбалісты берасцейскага «Дынама» гулялі ў майках, дзе прозвішчы былі пададзеныя на беларускай мове, але летась каманда адмовіліся ад гэтай практыкі. Цяпер з 14 камандаў, якія выступаюць сёлета ў Вышэйшай лізе чэмпіянату краіны па футболе, беларускую мову выкарыстоўваюць толькі дзве – менскае «Дынама» і жодзінскае «Тарпеда».

«Дынама» знаходзіцца ў складаным фінансавым становішчы ўжо некалькі апошніх гадоў. Берасцейцы не змаглі дазволіць сабе паўнавартаснай падрыхтоўкі да сезону, але пры гэтым удала стартавалі ў чэмпіянаце краіны, заняўшы пасля трох тураў першае месца (цяпер пасля пяці згуляных тураў берасцейцы займаюць пяты радок у турнірнай табліцы).

«Акрамя нас, «Дынама» у горадзе, здаецца, нікому не трэба, – заявіў »Белсату« адзін з фанатаў каманды. – Таму ў цяжкі момант мы вырашылі дапамагчы камандзе і сабралі грошы на новую форму. Больш нічога каментаваць не буду».

Мясцовыя ўлады, нягледзячы на ўдалы выступ каманды, дапамагаць «Дынама» не спяшаюцца. На найбліжэйшую гульню чэмпіянату краіны, якая мае адбыцца 16 траўня ў Бабруйску, берасцейская каманда можа не дабрацца праз недахоп грошай.

«Каманда, акрамя заўзятараў, нікому не патрэбная. Наш наступны выезд на гульню супраць «Белшыны» пад вялікім пытаннем. Не таму, што мы не хочам ехаць, а таму што няма магчымасці», – заявіў 10 траўня на прэс-канферэнцыі пасля гульні з «Нафтанам» з Наваполацку галоўны трэнер «Дынама» Сяргей Кавальчук.

Берасцейскія ўлады перад пачаткам сезону пісьмова запэўнілі Федэрацыю футболу, што пакрыюць усе выдаткі ліцэнзавання каманды, але дагэтуль не выканалі сваіх абяцанняў.

СА, belsat.eu

Стужка навінаў