ЕЗ працягнуў санкцыі супраць Крыму. Яны датычаць кожнага еўрапейца


І праз чатыры гады пасля анексіі Крыму Еўропа працягвае асуджаць гэтае парушэнне міжнароднага права. На здымку: дабрачынны баль афіцэраў на плошчы Міхайлаўскае берагавой батарэі. 11 чэрвеня 2018 года. Севастопаль, Крым. Фота – Sergei Malgavko/TASS/Forum

Аб’яднаная Еўропа пацвердзіла, што не прызнае анексіі Крыму.

18 чэрвеня падчас сустрэчы міністраў па сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве ўсіх краінаў ЕЗ у Люксембургу было прынятае рашэнне працягнуць абмежавальныя захады ў дачыненні да Крыму.

У афіцыйнай заяве Еўрапейскай рады гаворыцца, што яны будуць дзейнічаць да 23 чэрвеня 2019.

Абмежавальныя захады распаўсюджваюцца як на фізічных, гэтак і юрыдычных асобаў Еўразвязу.

Санкцыі ўключаюць забарону на імпарт у ЕС любых крымскіх тавараў і любыя еўрапейскія інвестыцыі на тэрыторыі Крыму. Ані асобныя грамадзяне ЕЗ, ані кампаніі не могуць набываць нерухомасць або аб’екты ў Крыме, аказваць тут паслугі і весці бізнес.

У Крым забаронены экспарт тавараў і тэхналогіяў у галіне транспарту, тэлекамунікацыяў, энергетычнага сектару, нафтаздабычы і нафтаперапрацоўкі, а таксама здабычы прыродных рэсурсаў. Еўрапейцам забаронена аказваць любыя тэхнічныя паслугі кампаніям, якія працуюць у гэтых галінах.

Еўрапейскім караблям і самалётам забаронена ўваходзіць у парты і прызямляцца ў аэрапортах Крыму (за выключэннем надзвычайных сітуацыяў).

Згодна з дэкларацыяй Вярхоўнага прадстаўніка па замежных справах і палітыцы бяспекі ЕЗ ад 16 сакавіка 2018 года, Аб’яднаная Еўропа і праз чатыры гады пасля расейскай анексіі Крыму па-ранейшаму «цвёрда адданая суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны».

ДД

Стужка навінаў