Еўракамісар запатрабаваў доказаў бяспекі Астравецкай АЭС


Першая атамная электрастанцыя Беларусі – зноўку ў цэнтры ўвагі высокіх еўрачыноўнікаў. Намеснік кіраўніка Еўрапейскай камісіі Франс Тымэрманс, які перабывае з візітам у Вільні, заклікаў Беларусь правесці стрэс-тэсты на АЭС у Астраўцы. Пры гэтым Тымэрманс падкрэсліў, што выпрабаванні варта праводзіць пад кантролем замежных экспертаў.

«Мы мусім забяспечыць, каб будаўніцтва атамнай станцыі недалёка ад мяжы з Еўразвязам здзяйснялася пры жорсткім выкананні правілаў бяспекі», – сказаў еўрачыноўнік.

Тыдзень таму Парламенцкая асамблея Рады Еўропы прыняла рэзалюцыю з заклікам прыпыніць будаўніцтва АЭС у Астраўцы з прычыны, цытата, «шматлікіх парушэнняў міжнародных стандартаў ядравай бяспекі». А Сейм Літвы назваў станцыю «пагрозаю нацыянальнай бяспецы».

Будаўніцтва першай атамнай станцыі ў Беларусі суправаджаецца надзвычайнымі здарэннямі. Сярод іншага, год таму пры ўсталяванні корпусу першага рэактару канструкцыя ўпала прыкладна з 2–4 метраў на зямлю.
Паводле Беларускай антыядравай кампаніі, падчас працаў на АЭС загінулі прынамсі 10 асобаў. Аднак Міністэрства энергетыкі пацвярджае смерць траіх працаўнікоў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары