У гадавіну спробы перавароту Эрдаган паабяцаў «адразаць галовы здраднікам»


Ва ўгодкі няўдалай спробы вайсковага перавароту Эрдаган паабяцаў «адразаць галовы здраднікам», выступаючы ў Стамбуле перад удзельнікамі дэманстрацыі.

Ён заявіў, што падпіша закон пра аднаўленне смяротнага пакарання, калі яго прыме парламент.

Прэзідэнт Турцыі таксама заявіў, што на абвінавачаных па справе пра спробу перавароту «варта надзець такія ж камбінезоны, як на зняволеных у Гуантанама».

Раней Эрдаган звярнуўся да грамадзян Турцыі праз мабільныя тэлефоны. Усім абанентам сотавай сувязі ў Турцыі давялося ў абавязковым парадку праслухаць зварот прэзідэнта краіны Рэджэпа Таіпа Эрдагана. Запіс аўтаматычна ўключаўся пасля набору нумара.

Пра гэта паведаміла турэцкае выданне Milliyet.

У сваім звароце Эрдаган павіншаваў грамадзянаў Турцыі з Днём дэмакратыі і нацыянальнага адзінства (ён адзначаецца ў дзень няўдалага перавароту).

https://twitter.com/MustafaEdib/status/886340309264805892?ref_src=twsrc%5Etfw&ref_url=https%3A%2F%2Fmeduza.io%2F

Спробу перавароту турэцкія вайскоўцы распачалі ў ноч на 16 ліпеня 2016 года. Супраць мяцежнікаў выступілі тысячы людзей, якія выйшлі на вуліцы па закліку Эрдагана. У выніку сутыкненняў загінулі каля 300 чалавек, больш за 2 тысячы атрымалі параненні.

Пасля спробы мяцяжу ў Турцыі разгарнуліся рэпрэсіі: былі арыштаваны каля 40 тысяч чалавек, больш 100 тысяч пазбавіліся працы. Са сваіх пасад былі звольнены вайскоўцы, паліцыянты, суддзі і выкладчыкі ўніверсітэтаў. За кратамі апынуліся дзясяткі журналістаў.

Паводле турэцкіх уладаў, за спробай путчу стаяць прыхільнікі прапаведніка Фетулаха Гюлена, які стала жыве ў ЗША.

 

КА, belsat.eu

Стужка навінаў