Еўрапарламент рыхтуе «адэкватны адказ» тэрарызму да Расеі


Як адэкватна і скаардынавана адказаць на тэрарыстычную пагрозу, эскалацыяй якой стаў нядаўні напад на парыжскую рэдакцыю «Charlie Hebdo» і што рабіць з Расеяй, асабліва пасля апошніх падзеяў на ўсходзе Ўкраіны?

У дакуменце, які падрыхтавала Вярхоўная прадстаўнічка Еўразвязу па замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыка Магерыні, прапаноўваецца «паступова аднавіць узаемадзеянне з Крамлём што датычыць барацьбы з «Ісламскаю Дзяржавай», а таксама «падзяліць санкцыі, на «крымскія» і звязаныя з дэстабілізацыяй на ўсходзе Украіны». Але сёння канкрэтнага рашэння, як адзначыла еўрапейская функцыянерка, па санкцыях чакаць ня варта.

ФЭДЭРЫКА МАГЕРЫНІ, ВІЦЭ-ПРЭЗІДЭНТ ЕЎРАКАМІСІІ:

«Любое рашэнне па санкцыях, як мы ўжо неаднаразова пагадзіліся разам з міністрамі, з прэзідэнтамі Тускам і Юнкерам раней, будзе базавацца выключна на фактах паляпшэння сітуацыі на месцы і выкананні менскіх дамоўленасцяў. Нядаўняя актывацыя гвалту на ўсходзе Украіны, відавочна, ня ёсць добрай навіною».

Яшчэ ж адна інтрыга сённяшняй сустрэчы, ці прыслухаюцца міністры да нядаўняга звароту Кіева і ці прызнаюць ЛНР і ДНР тэрарыстычнымі арганізацыямі. Аднак разам з тым адсутнасць добрых навінаў з Данбасу не перашкаджае кіраўніцтву Еўразвязу абмяркоўваць і магчымы перамоўны працэс з Крамлём.

ЖАН АСЭЛЬБОРН, МІНІСТР ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ ЛЮКСЕМБУРГУ:

«Сёння мы хочам даць кіраўніцтву Расеі сігнал: мы не хочам і не ставім сабе ў планы дэстабілізаваць Расею, – ні палітычна, ні эканамічна. Мы абмяркоўваем супрацу з Еўраазіяцкіім саюзам і тое, ці мусім мы ўзмацняць санкцыі ў адпаведнасці з існуючай сітуацыяй і выкананнем менскіх дамоўленасцяў».

І ўсё ж пытаннем «number one» сёння ў Брусэлі ўсцяж застаецца пытанне барацьбы з міжнародным тэрарызмам і, найперш, «перадухіленне сусветнай радыкалізацыі». Як падкрэсліў напярэдадні сённяшняга брусельскага саміту дырэктар «еўрапейскай паліцыі», гэтай праблемай мусяць займацца ня толькі ягонае ведамства ды ягоныя калегі.

МАКС-ПЭТЭР РАЦЭЛЬ, ДЫРЭКТАР «EUROPOL»:

«Мы ўжо добра ўсвядомілі, што нашмат болей мусіць быць зроблена ня толькі паліцыяй, а і многімі іншымі інстытуцыямі. Ды і само грамадства мусіць зрабіць свой уклад у барацьбу з тэрарызмам. І ніколі не забываць пра чатыры крокі: перадухіліць, абараніць, пераследаваць злачынцаў ды забяспечыць адэкватны адказ».

Тым ня менш, сёння «адэкватнага адказу» з Бруселю на тэрарыстычныя атакі і пагрозы ня будзе: міністры замежных справаў не збіраюцца прымаць на гэты конт аніякіх канкрэтных рашэнняў. Пытанне супрацьдзеяння тэрарызму будзе абмяркоўвацца падчас адмысловага саміту Еўразвязу, які адбудзецца пазней.

Але ўжо сёння еўрапейская сталіца часам нагадвае горад, які знаходзіцца на ваенным становішчы. Нядаўна тут была выяўленая джыхадісцкая група і, як піша мясцовая прэса, сілавікі перадухілілі «Парыж-2», а ў цэнтры гораду часам можна ўбачыць вайсковыя патрулі. «A la guerre comme à la guerre», – «на вайне як на вайне», – цяпер сэнс гэтага вядомага выказвання тут усведамляюць вельмі добра.

Алесь Сіліч, «Белсат», Брусэль

Глядзі таксама
Каментары