Еўрадэпутат: Чорны спіс Крамля – ​​гэта шоу для ўласнага народу


Дэпутаты Еўрапейскага парламенту рэзка раскрытыкавалі забарону на ўезд у Расею для дзясяткаў еўрапейскіх палітыкаў, чыноўнікаў і вайскоўцаў. Старшыня камітэту Еўрапарламенту па замежных справах, нямецкі палітык Эльмар Брок (Elmar Brok) назваў расейскі санкцыйны спіс непрымальным самаўпраўствам, падкрэсліўшы, што ніхто з асоб, унесеных у спіс, не зрабіў нічога супрацьпраўнага.

«У гэтым – радыкальнае адрозненне ад санкцыйных спісу ЕС супраць расейскіх палітыкаў», – указаў Брок у інтэрвю нямецкай газеце «Passauer Neue Presse». Прадстаўнік партыі Мэркель назваў дзеянні Масквы «шоу для ўласнага народу», якое сімвалічна будуецца на прынцыпе «зуб за зуб». Ён падкрэсліў, што сярод фігурантаў спісу толькі нешматлікія маюць дачыненне да Расеі і працэсу ўрэгулявання крызісу вакол Украіны, што дае магчымасць для далейшых перамоваў, падае dw.de.

Старшыня фракцыі «зялёных» у Еўрапарламенце Рэбэка Гармс (Rebecca Harms) таксама назвала санкцыйны спіс Расеі самаўпраўствам. «Я спрабавала зразумець гэты спіс, але так і не змагла», – цытуе еўрадэпутатку dw.de. У дачыненні да Гармс, чыё імя таксама фігуруе ў гэтым спісе, дзейнічае бестэрміновая забарона на ўезд у РФ з восені 2014 года.

У Крамлі пацвердзілі 30 траўня, што ў шэраг краінаў ЕЗ быў скіраваны спіс асобаў, якім забаронены ўезд у Расею.

У Міністэрстве замежных спраў Расеі паведамілі, што Масква не апублікуе «чорны спіс» еўрапейскіх палітыкаў, падае censor.net.ua.

Калі ўладальнікі дыпламатычных пашпартоў з Еўропы сумняваюцца ў тым, ці могуць яны трапіць у Расею, яны могуць удакладніць гэта ў расейскім пасольстве або генеральным консульстве.

Паводле звестак фінскага тэлеканалу «Yle Uutiset», у спіс, сярод іншых, увайшлі: старшыня польскага Сенату, чалец Рады па нацыянальнай бяспецы Богдан Барусэвіч (Bogdan Borusewicz), былы польскі прэм’ер-міністр і былы старшыня Еўрапарламенту Ежы Бузэк (Jerzy Buzek), былы дэпутат Еўрапарламенту ад Польшчы, заангажаваны ў абарону правоў чалавека ў Расеі і Беларусі, Марэк Мігальскі (Marek Migalski), чалец Сойму Літвы Андрус Кубілюс (Andrus Kubilius), былы старшыня Сойму Літвы Вітаўтас Ландсбергіс (Vytautas Landsbergis), кіраўнік Luftwaffe (Ваенна-паветраных сілаў Нямеччыны) Карл Мюльнэр (Karl Müllner) ды іншыя. Усяго ў санкцыйных спісе РФ – 89 еўрапейскіх палітыкаў, чыноўнікаў і вайскоўцаў.

МЯ, паводле dw.de, censor.net.ua

Стужка навінаў