Эксперт: «Што не падабаецца Маскве – у сферы інтарэсаў уладаў Беларусі»

video

«Хто прыйшоў сёння ў вышыванцы?» – такім чынам вядоўца ток-шоу «Дело принципа» на АНТ і дэкан факультэту філасофіі БДУ Вадзім Гігін спраўджваў, ці сапраўды мяккая беларусізацыя крочыць па краіне. У поўнай канферэнц-зале гатэлю «Еўропа», дзе праходзіла інтэрактыўная дыскусія «Ліберальнага клубу» на тэму 25-годдзя незалежнасці Беларусі, не знайшлося ніводнай асобы, якая б мела ва ўбранні элементы нацыянальнага арнаменту.

Дыскусія і мардабой выратуюць краіну

«Сёння, падаецца, на фоне нестабільнасці ў рэгіёне адзінае, што можа выратаваць краіну, зрабіць магчымым фармаванне элітаў гэта вось такая адкрытая нармальная дыскусія, пажадана без мардабою, але часам і мардабой можа быць на карысць», – мяркуе Яўген Прэйгерман, дырэктар па даследаваннях «Ліберальны клуб».

Дзеля большага «аганьку», арганізатары сустрэчы адмыслова запрасілі спікераў з розных бакоў палітычных барыкадаў. Акрамя Гігіна – які, дарэчы адмовіўся даць каментар «Белсату», – у размове ўдзельнічалі былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава, чалец палітрады АГП і дэпутат Вярхоўнага Савету 12-тага склікання Аляксандр Дабравольскі ды шэраг экспертаў «Ліберальнага клубу».

«Ёсць людзі якія прызвычаіліся абы ўсё ціха было, а ёсць тыя што думаюць вось у нас 25 гадоў незалежнасці і трэба нешта рабіць далей. Вось тут сабраліся ў асноўным такія людзі, але мы пачулі такую кашу!», – зазначыў Аляксандр Дабравольскі.

Незалежнасць абʼяднала ўсіх

Абмяркоўвалі, у асноўным, той, шлях, які Беларусь прайшла за гэтую чвэрць стагоддзя: памылкі, поспехі, пагрозы ды выклікі. І хоць не абышлося без спрэчкі ў пытанні карупцыі ды згаданай вышэй «кашы» пры абмеркаванні нацыянальнай сімволікі, вартасць факту суверэнітэту краіны стала абʼяднальнай для ўсіх прысутных.

Расеі зневажае беларускае

Што важна, напярэдадні юбілею пра вялікую вартасць незалежнасці, прынамсі заходняму дыпламату, казаў і кіраўнік Беларусі.

А вось нашым усходнім суседзям ні рэверанс Менску ў бок Еўразвязу, ні прыхаваная кампанія мяккай беларусізацыі не даспадобы. Аўтары ўплывовага расейскага інфармацыйнага агенцтва «Рэгнум», якія і раней зняважліва выказваліся пра беларусаў як асобную нацыю, днямі зрабілі яшчэ адзін інфармацыйны «падарунак» «братняму народу».

«Беларуская мова нікому не патрэбная, акрамя зварʼяцелай недадзяржавы, якая імкнецца скруціць сабе карак на Майдане, на прыклад суседзяў», – пісаў аўтар скандальнага артыкулу.

Тое, што не падабаецца Маскве, ляжыць у сферы інтарэсаў уладаў Беларусі – кажа эксперт «Ліберальнага клубу».

«Беларускія ўлады гэта тыя, хто больш за ўсіх клапоціцца пра беларускую незалежнасць, бо гэта іх існаванне, і таму пасля Украіны, улады далучыліся да грамадскага трэнду па мяккай беларусізацыі», – упэўнены Вадзім Мажэйка, эксперт у галіне культуры і адукацыі.

Пытанне толькі: ці дасць гэтая кампанія хоць нейкі вынік на беларускай прасторы, дзе дамінуюць расейскія медыі, у тым ліку і «Рэгнум»?

Ігар «Кулей, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары