Шведскі журналіст: «Расея – гэта дваровы задзіра»


Ужо тыдзень шведскія ваенна-марскія сілы шукаюць у водах ля Стакгольмскага архіпелагу «неапазнаны плаваючы аб’ект». Раней шведы зафіксавалі сігнал бедства судна на расейскай мове, што выкарыстоўвае флот РФ у надзвычайных сітуацыях. Хоць Крэмль адмаўляе сваю датычнасць да справы, шведскія эксперты не сумняюцца: гэта гульня Масквы. Суразмоўца belsat.eu – аглядальнік вядомай шведскай газеты «Aftonbladet» Андэрс Ліндбэрг.

– Ці гатовае шведскае войска супрацьстаяць вайсковай агрэсіі?

– Цяпер акурат перыяд рэформаў. Ваенная рэформа мае завершыцца ў 2022 годзе, цяпер мы знаходзімся на палове шляху пераменаў у кірунку колькасна меншай,  але больш эфектыўнай абароны. На пераходным этапе абароназдольнасць, натуральна, меншая.

– Ці азначае рэформа павелічэнне выдаткаў на войска?

– Цяпер выдаткі троху большыя. Асноўная праблема – пераход з сістэмы абавязковай службы да прафесійнага войска ды мадэрнізацыя сістэмы арганізацыі абароны. Структура робіцца меншаю, але больш падрыхтаванай да хуткіх дзеянняў. Раней сілы абароны былі вельмі грувасткія і дапасаванымі для доўгатэрміновай баявой гатовасці. Цяпер ідэя ў тым, каб сілы былі меншыя, але прыводзіліся ў баявую гатовасць хутчэй.

– Ці ў Швецыі абмяркоўваюць магчымае ўступленне ў НАТО?

– У шведскім парламенце ёсць дзве сілы, што выступаюць за ўступленне ў НАТО – Кансерватыўная партыя і Ліберальная партыя. Разам яны маюць каля траціны галасоў. Але кансерватары насамрэч не так актыўна дзейнічаюць у гэтым кірунку і адзіным сапраўдным лабістам гэтай ідэі застаюцца лібералы. Прыкладна 20-30 % насельніцтва падтрымлівае ідэю ўступлення ў НАТО, але гэта вельмі малая лічба. Яна вагаецца ўверх і ўніз, але гэта маргінальныя з’явы і новы ўрад выразна заявіў, што няма цяпер такой мэты – уступаць у НАТО.

– Ёсць паведамленні пра тое, што шведскую водную і паветраную прастору апошнім часам некалькі разоў парушалі. Як шведскае грамадства ўспрымае гэтыя факты?

– На маю думку, ніхто ў Швецыі не сумняецца, што гэта робяць расейцы. Адзінае, чаго расейцы дамагліся такімі дзеяннямі – пераканалі шведскае насельніцтва ў тым, што ў войска трэба ўкладаць больш грошай. Цяпер больш дыскутуюць пра пагрозы для Швецыі. 5 гадоў таму гаворка вялася пра тое, каб бараніць Швецыю ў Афганістане. Маецца на ўвазе ўдзел у міжнародных місіях. Цяпер гаворка ідзе пра тое, каб бараніць шведскую тэрыторыю. Гэты вельмі важная змена і менавіта Расея змусіла Швецыю змяніць сваю палітыку. Хоць Швецыя і не хацела гэтага рабіць.

– Чаму Крэмль абраў менавіта Швецыю ў якасці якасці аб’екту сваіх правакацыяў?

– Я думаю, што Крэмль паводзіць сябе з краінамі Балтыі, як дваравы хуліган. З нейкіх прычынаў ён думае, што трэба палохаць суседнія краіны, а не супрацоўнічаць з імі. Але гэтая стратэгія гістарычна ніколі не працавала. Рэгіён Балтыйскага мора – гэта месца, дзе ўсе выйграюць толькі ад супрацы, узаемнай павагі і гандлю. Але апошнія 5 гадоў Расея не хоча праводзіць такую палітыку. Пасля пратэстаў супраць Пуціна ў 2012 годзе, можна сказаць, пад’ёму сярэдняга класу ў Расеі, Пуцін стаў больш агрэсіўным у дачыненні да сваіх суседзяў. Я думаю, што такім чынам ён кампенсуе ўнутраныя праблемы краіны. Ён мяркуе, што агрэсіўныя дзеянні ў вонкавай палітыцы адпавядаюць нацыянальным інтарэсам. Але я думаю, што гэта не спрацуе – расейская эканоміка занадта слабая, каб працягваць такія дзеянні ў доўгатэрміновай перспектыве. Калі кошты на нафту будуць працягваць зніжацца, гэта будзе азначаць сурёзныя праблемы.

Гутарыла Настасся Яўмен, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары