Дзённік пілігрыма. Ці рэлігійныя спевы сумяшчаюцца з пакемонамі?


У польскім Кракаве распачалася найбуйнейшая каталіцкая сустрэча ў свеце. Тут рыхтуюцца прыняць больш за 2 мільёны асобаў. Хто і навошта едзе праз сотні і тысячы кіламетраў на супольную малітву? Чытайце ў першай частцы дзённіка аўтаркі belsat.eu з Сусветных Дзён Моладзі.

Pilgrim_Journey_to_Krakow_05

«Сястра Бажэна! І вы тут! Не магу падысці прывітацца, бо мая чарга ў прыбіральню пройдзе!» – у адмысловым цягніку Беласток-Кракаў малады семінарыст крычыць знаёмай манашцы.

Што матывуе сотні людзей ехаць перапоўненым транспартам на спатканне з Папам Рымскім і каталікамі ўсяго свету?

Pilgrim_Journey_to_Krakow_10
«Сваёй няверуючай сяброўцы мне так і не ўдалося гэтага патлумачыць», – гаворыць юная вандроўніца.

На Сусветныя Дні Моладзі ў Кракаў яна едзе разам з такой жа прыгожай сяброўкай. Дзяўчат водзяць у касцёл з дзяцінства. Такія як яны – касцяк пілігрымаў у Кракаў.

Pilgrim_Journey_to_Krakow_08
Моладзь сядзіць у праходзе на турыстычных дыванках: месцаў для сядзення ў адмыслова замоўленым цягніку з Беластока ўсім не хапіла. Для многіх хлопцаў і дзеўчын падарожжы ў кампаніі сясцёр і братоў законных, песні з прыпевамі «Алілуйя!» пад гітару, вясёлыя крычалкі пра любоў да Бога – цалкам натуральная частка жыцця.

У перапынках паміж рэлігійнымі спевамі юнакі ловяць пакемонаў праз папулярную мабільную прыладу, а дзяўчаты гучна смяюцца, імкнучыся прыцягнуць да сябе ўвагу.

Pilgrim_Journey_to_Krakow_18

Рэкамендаваны ўзрост удзельнікаў Сусветных Дзён Моладзі абмяжоўваецца 30 гадамі. Аднак у цягніку едзе нямала нашмат старэйшых пілігрымаў.

У пілігрымку – праз выпрабаванні

У сям’і Таццяны з Расеі не было хрысціянскага выхавання. У 15 год яна сама прыйшла ў касцёл, а за ёй пацягнулася сястра з дзецьмі, маці ды бацька, хоць родныя падтрымалі Таццяніна навяртанне не адразу.

Гэта ейныя другія Сусветныя Дні Моладзі. Упершыню яна трапіла на гэту ўрачыстаць у 2008 годзе ў Сіднэі. Гісторыя той паездкі цалкам магла б легчы ў аснову драматычнага фільма.

Pilgrim_Journey_to_Krakow_01

Тады Таццяна жыла на Алтаі. Яе зацвердзілі ў спісах удзельнікаў у СДМ ад прыходу. Дзяўчына купіла квіткі на цягнік ды падала дакументы на візу. Невядома чаму візу не далі. Таццяна здала квіткі, перарвала падрыхтоўку да далёкай паездкі ды… горка плакала дома.

«Памятаю, уключыла тады тэлевізар, а там мульцік пра рыбку, якая паплыла ў Аўстралію!», – расказвае яна.

Раптоўна патэлефанавалі з амбасады і сказалі, што візу ўсё ж зрабілі. Да самалёта з Дамадзевада заставалася 15 гадзін і 3000 кіламетраў. Не было грошаў, спальніка і дыванка. Святара побач не аказалася: ён паехаў служыць у іншы горад. На дапамогу прыйшлі манашкі. Яны далі Таццяне грошы і неабходны рыштунак пілігрыма. Яе бацька дапамог адшукаць самалёт да Масквы ды дамовіўся са знаёмым, каб завёз у аэрапорт. Па дарозе машыну некалькі разоў спыняла патрульная служба: спраўджвалі то дакументы, то спраўнасць аўта. У аэрапорце пад час рэгістрацыі высветлілася, што памежная служба мае інфармацыю толькі пра адмову ў візе. У самалёт Таццяна зайшла апошняя і моцна выдыхнула…

«Чаму тады ўсё адбылося менавіта так? Бог хацеў зрабіць цуды, каб яшчэ мацней паверыла ў ягоную бязмежную моц», – разважае Таццяна.

Pilgrim_Journey_to_Krakow_25

У Кракаве тры чыгуначныя станцыі. У панядзелак усе яны занятыя прыбываючымі групамі пілігрымаў. Кожны з іх – у чаканні свайго цуда.

Працяг будзе.


Глядзіце ўсе фота:

Хрысціна Марчук, Фота Вячаслава Радзіміча, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары