Дзярждума Расеі ратыфікавала пагадненне з Беларуссю аб тэхзабеспячэнні рэгіянальнай групоўкі войскаў


Ува адбіцці ўяўнай тэрарыстычнае атакі ключавую ролю граюць падраздзяленні дэсантнікаў. На фота – расейскія дэсантнікі, паднятыя па трывозе ў межах вучэнняў «Захад-2017». Крыніца – Міністэрства абароны Расеі

Дзярждума Расеі сёння ратыфікавала беларуска-расейскае міжурадавае пагадненне аб сумесным тэхнічным забеспячэнні рэгіянальнай групоўкі войскаў (сіл) Беларусі і Расеі, паведамляе БелТА.

Пагадненне было падпісана ў Менску яшчэ 2 лістапада 2016 года.

Як сцвярджаецца ў дакуменце, рэгіянальная групоўка войскаў дзвюх краін прызначана для адбіцця агрэсіі ў дачыненні да Беларусі і Расеі і ўключае органы кіравання і войскі Узброеных сіл Беларусі і РФ, а таксама іншыя вайсковыя фарміраванні бакоў.

Прадстаўляючы дэпутатам пагадненне, статс-сакратар – намеснік міністра абароны Расеі Мікалай Панкоў адзначыў, што палажэннямі пагаднення рэгулюецца парадак узаемадзеяння УС Беларусі і Расеі пры арганізацыі сумеснага тэхнічнага забеспячэння рэгіянальнай групоўкі войскаў (сіл) дзвюх дзяржаў.

«Уступленне ў сілу пагаднення дазволіць скараціць тэрміны аднаўлення ўзбраення і ваеннай тэхнікі воінскіх часцей і злучэнняў Узброеных Сіл Расеі і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, якія ўваходзяць у склад рэгіянальнай групоўкі войскаў», – падкрэсліў Панкоў.

Паводле слоў Панкова, гэта станоўча адаб’ецца на павышэнні баявога патэнцыялу групоўкі і будзе спрыяць развіццю ўзаемавыгаднага ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расеяй. Ён дадаў, што дакумент разлічаны на пяць гадоў і яго дзеянне будзе аўтаматычна прадоўжана яшчэ на такі ж перыяд, калi нi адзiн з бакоў не паведамiць не пазней чым за шэсць месяцаў аб намеры выйсці з пагаднення.

Дэпутаты Дзярждумы прагаласавалі за ратыфікацыю пагаднення адзінагалосна.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары