Дзянісаў – Фядуту аб ідэі беларускага пантэону: «Баторый будзе ляжаць у Горадні»


Французскі Пантэон – пахавальня вялікіх людзей Францыі. Фота – Вікіпедыя

Лідар «Дзецюкоў» адказвае на прапанову Аляксандра Фядуты збудаваць пантэон, дзе б ляжалі парэшткі вялікіх беларусаў.

29 лістапада Аляксандр Фядута заявіў, што ідэя беларускага дыпламата Пятра Краўчанкі аб пабудове нацыянальнага пантэону на ўзор французскага «як ніколі актуальная».

Не Лукашэнка адзіным жыць нам і тым, хто прыйдзе на змену нашаму пакаленню. Нам патрэбнае месца, дзе мы маглі б памаўчаць і задумацца над веліччу нашай гісторыі. І няхай мы будзем спрачацца да хрыпаты, каму ляжаць у гэтым самым пантэоне, але – ахрыпнем і нарэшце ж пагодзімся», – піша Фядута. – І новы прэзідэнт замрэ ў паклоне пры перапахаванні там праху Уладзіміра Караткевіча і Максіма Багдановіча. Інакш – які ж ён будзе прэзідэнт Беларусі?

Нашая рэдакцыя атрымала ліст ад Алеся Дзянісава, лідара гарадзенскага гурта «Дзецюкі» з адказам Фядуце. Падаем яго цалкам.

Не перавяліся яшчэ рамантыкі і ідэалісты на зямлі беларускай! Бо толькі сапраўдны рамантык можа, шляхам маленькай выбарчай PR-рэвалюцыі, прывесці да ўлады нікому невядомага містара Х, каб пасля атрымаць па галаве ад «удзячнага» былога патрона… І няхай не крыўдуе на мяне паважаны Аляксандр Фядута, але ягоныя прапановы па стварэнні беларускага пантэона, няхай і ў будучым, выглядаюць цалкам рамантычна, хаця і не без кроплі актуальнага прагматызму.

Нягледзячы на тое, што палітычная прастора зачышчаная, нябачная барацьба за розумы працягваецца. Вуліцы апусцелі, тэлебачанне забаўляе, але інтэрнэт ніхто пакуль што не адмяняў. «Чэсныя» і «нячэсныя» байцы не стамляюцца ламаць дзіды ў віртуальнай прасторы, змагаючыся за розумы прастадушных абывацеляў. У бліжэйшым будучым тапор вайны наўрад ці будзе закапаны, хаця ён і стругае пілавінне толькі на местачковых падворках.

На фоне таго, што для простых людзей цяпер больш прыярытэтна выглядаюць пытанні эканамічныя, а не палітычна-ідэалагічныя, уся «вайнушка» пакуль што бачыцца бесперспектыўнай. Нават «гаварыпраўдаўскія» скавытанні аб нацыянальным яднанні кшталту «Давайце жыць дружна!» выклікаюць толькі крывую ўсмешку. Любыя перамены выглядаюць казачнымі.

Між тым, тактыка-стратэгічныя інтэрнэт-аперацыі патрабуюць ідэалагічнай базы. І, канешне, сваіх палкаводцаў. З «чэснымі» усё зразумела. Маршалам можа быць толькі адзін. Усё астатняе – бальшавікі, партызаны, гнілы Захад, вялікі СССР – толькі як фон за плячыма галоўнага героя. А вось «нячэсныя», з-за адсутнасці адзінага штаба і паразумення паміж атрадамі, усё больш шукаюць падтрымання ў мінулым. Там, дзе былі не толькі паразы, але і перамогі.

Падабаецца нам ці не, але кожная краіна стварае сваю нацыянальную ідэалагізаваную міфалогію. Пытанне толькі ў тым, наколькі яна спрабуе быць аб’ектыўнай. Наколькі яна дазваляе альтэрнатыўныя погляды. Наколькі адарваная ад уплыву з боку кіроўнай палітычнай багемы. Мне зразумела, пра што кажа спадар Фядута. Адзінае, ці разумее Аляксандр Іосіфавіч, што ён паставіў безліч пытанняў, на якія цяжка адказаць адназначна?

З самага пачатку мне хочацца падкрэсліць, што мне не падабаецца паняцце «пантэон». Адразу ўзнікаюць вобразы антычных багоў. У гэтых несмяротных, як вядома, была свая іерархія. Не ведаю як вам, але мне цяжка будзе вызначыць галоўныя і другасныя месцы на беларускім «Алімпе».

Хто важней: Францыск Скарына ці Васіль Быкаў? Героі – у гэтым кантэксце – мне таксама не зусім да спадобы. Бо герой – гэта неяк звязана з барацьбой, змаганнем, вайной, з аддачай свайго жыцця на патрэбы людзей і краіны. Менавіта сімвалы, аўтарытэты, маральныя арыенціры, калі хочаце – гэта неяк бліжэй. Навуковец, паэт ці музыка не размахвае шабляй, а ўнёсак у культурную спадчыну Беларусі і ўсяго свету робіць не меншы. А можа і большы! Хаця бывае і так, і гэтак. У любым выпадку, Ігнацій Дамейка больш вядомы, як навукоўца, а не як удзельнік паўстання 1830–31 гадоў.

Дарэчы, Ігнацій Дамейка. Тут адразу ўсплываюць супярэчнасці з гэтымі падзеламі: чый будзеш, братка? Адзін мой польскі сябар быў вельмі здзіўлены, што Дамейку беларусы таксама лічаць сваім. У выніку мы прыйшлі да высновы, што гэтыя перацягванні коўдры нікому не прынясуць дабра. Няхай нацыяналісты ваююць за права называць Дамейку палякам або беларусам (ліцвінам). Мы неяк мірна дамовіліся, што ён – сімвал і Польшчы і Беларусі. За што і выпілі па куфлю піва!

І чым далей мы ідзем у цёмны лес, тым складаней з гэтым «пантэонам». Гістарычныя, нацыянальныя, рэлігійныя, сацыяльныя супярэчнасці выбіваюць глебу з-пад ног. Ці быў Усяслаў Чарадзей беларускім героям? Барані, Божа! Якія беларусы ў ХІ стагоддзі? А ці ён можа быць сімвалам нашых земляў? Канешне. Еўфрасіння Полацкая – сімвал Беларусі? Адназначна. Але ці будзе гэтая святая маральным аўтарытэтам для атэіста? Наўрад ці. Магнаты і шляхта беларускага паходжання пабудавалі палацы і сядзібы, якімі мы ганарымся, якія з’яўляюцца сімваламі Беларусі. Хто ўзгадае цяпер тыя сотні тысячаў простых беларускіх сялянаў, за кошт якіх гэта ўсё пабудавана? А гэтыя сяляне яшчэ і данеслі нам нашую мову і традыцыйную культуру, пра якія Сапегі ды Радзівілы паспяхова забыліся на карысць палітычных прэферэнцыяў!

Нашае ўсё – Янка Купала і Якуб Колас – чыхвосцілі (няхай і пад магчымым прымусам, няхай і ў адзінкавых вершах) сталінскіх ворагаў ды ўсхвалялі правадыра народаў.

Усё я гэта да таго, што нацыянальная міфалогія – рэч жудасна складаная. Свет – не чорна-белы. Героі – дакладна не святыя. Але ёсць і другі бок медалю. Чаму мы раскідваемся тым, чым маглі бы ганарыцца? Няхай будзе «Пагоня» і літоўская, і нашая. Няхай Леў Бакст і Марк Шагал будуць сімваламі і габрэяў, і беларусаў. Няхай Валерый Урублеўскі ды Тадэвуш Касцюшка – героямі Польшчы і Беларусі.

А што да пантэона на французскі манер… Вы гэта сурʼёзна, спадар Аляксандр? Будзем змагацца за косткі? Можна, канешне, усё вырашыць кампрамісам. Забраць з Ялты хаця бы частку парэшткаў Максіма Багдановіча. Напрыклад, левую нагу. Толькі ведайце. Калі ўжо пойдзе такая пляска, мы вам, у ваш менскі пантэон, парэшткі Стэфана Баторыя не аддамо! Будзе ляжаць у Горадні, як і завяшчаў у тастаменце.

Алесь Дзянісаў

Глядзі таксама
Каментары