«Дзеці будуць здраджаныя яшчэ раз». Найбуйнейшы дзіцячы дом у Беларусі зачыняюць


Супраць рашэння мясцовых уладаў паўстала адмысловая петыцыя. Пад пытаннем не толькі лёсы выхаванцаў, але і далейшае існаванне вёскі Вялікія Лётцы на Віцебшчыне. Без школы і дзіцячага дому населены пункт папросту знікне.

Пра хуткае закрыццё базавай школы і дзіцячага дому жыхары вёскі Вялікія Лётцы чулі даўно. Але летась чуткі сталі рэальнасцю: 24 красавіка Упраўленне адукацыі Віцебскага аблвыканкаму пастанавіла зачыніць базавую школу. Днямі прынялі рашэнне і пра закрыццё дзіцячага дому. Прычына – адсутнасць бюджэтнага фінансавання на ўтрыманне ўстановаў.



Пастанова выклікала абурэнне ў мясцовых жыхароў ды супрацоўнікаў установаў. Бо гэта не толькі пагаршае лёсы выхаванцаў, але і азначае хуткае знікненне вёскі праз адсутнасць працоўных месцаў. Неабыякавыя людзі склалі адмысловую петыцыю на адрас Адміністрацыі прэзідэнта ды Міністэрства адукацыі, у якой абгрунтавалі неабходнасць існавання дзіцячага дому ды школы. Аўтары петыцыі патрабуюць спыніць працэс ліквідацыі ды захаваць дзіцячы дом ды мясцовую школу.

«Дзеці задаволеныя ўмовамі жыцця і стаўленнем настаўнікаў, яны выказваюць жаданне працягваць вучыцца і развівацца ў сценах Вялікалятчанскана дзіцячага дому», – адзначаецца ў петыцыі.

Вялікія Лётцы – старажытная вёска ў 16 кіламетрах ад Віцебску. Насельніцтва налічвае больш за 400 чалавек, а ўпершыню населены пункт згадваецца яшчэ ў XVIII стагоддзі. Ніякай вытворчасці ў вёсцы цяпер няма, а большая частка працаздольнага насельніцтва занятая або ў мясцовай школе, або ў дзіцячым доме. Агулам з установамі адукацыі звязаныя каля 100 чалавек.

Вялікалятчанскі дзіцячы дом абсталяваны ў адпаведнасці з усімі сучаснымі патрабаваннямі, грошы на ягонае развіццё выдзяляла дзяржава ды еўрапейскія спонсары. У дзіцячым доме жывуць 84 выхаванцы ва ўзросце ад 3 да 17 год, і яны ж складаюць каля 90% вучняў мясцовай школы. Гэта найбуйнейшы дзіцячы дом у краіне. Славуты ён яшчэ і тым, што ў ім створана адмысловая выхаваўчая сістэма: дзеці жывуць асобнымі групамі па 10-12 чалавек пад наглядам пары выхавальнікаў, жанчыны і мужчыны, якія мусяць замяніць выхаванцам сапраўдных бацькоў.



Размеркаванне ў семʼі чакае толькі частку выхаванцаў. Рэшту накіруюць у іншыя дзіцячыя дамы: у Сянно ды Андрэеўшчыну. Браты і сёстры з Вялікалятчанскага дзіцячага дому могуць патрапіць у розныя ўстановы, бо перасяленне дзяцей будзе адбывацца ў адпаведнасці з узростам.

«Вялікую занепакоенасць выклікае магчымасць раздзялення родных братоў і сёстраў, то бок дзеці будуць здраджаныя яшчэ раз, бо ў іх забяруць апошняга роднага чалавека… Гэта парушэнне ўсіх маральных арыенціраў, якія стагоддзямі ўсталёўваліся ў народнай свядомасці», – пішуць аўтары петыцыі.

Петыцыя супраць закрыцця дзіцячага дому і школы ананімная, паколькі супрацоўнікі ўстановаў баяцца, што потым могуць узнікнуць праблемы з працаўладкаваннем. З той жа прычыне кіраўніцтва дзіцячага дому цяпер адмаўляецца даваць каментары.

На момант публікацыі пад петыцыяй падпісалася больш за 1400 чалавек.

Віктар Старавойтаў, belsat.eu

Стужка навінаў