Беларусь пад уладай Аляксандра Лукашэнкі здзіўляе сваіх грамадзян і суседзяў адзначэннем вельмі арыгінальных святочных датаў. Агульная прыкмета гэтых святаў – іхны небеларускі ці, наўпрост, антыбеларускі характар.
Гэтак улады святкуюць «Дзень абаронцы Айчыны» 23 лютага 1918 года – дату, якая не мае ніякага дачынення да гісторыі беларускай вайсковасці. Таксама нам навязваюць адзначэнне бальшавіцкага перавароту 7 лістапада 1917 году – у дзень, калі нейкая неіснуючая ўжо небеларуская партыя захапіла ўладу ў сталіцы суседняй краіны, а потым войскі гэтай партыі захапілі Беларусь і залілі яе крывёю.
Асабліва абсурдна ў гэтым шэрагу выглядае «Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь», які быў прыдуманы ў 1996 годзе. Як чытач ужо здагадаўся – гэты дзень не мае ніякага дачынення да незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
Проста таму што 3 ліпеня 1944 года савецкія войскі ўвайшлі ў Менск. То бок адбыўся пераход сучаснай сталіцы Беларусі з-пад кантролю адной чужой арміі ў рукі іншай чужой арміі.
Ці атрымала Беларусь пры гэтым незалежнасць? Не. Больш за тое, як раз савецкія войскі ў 1918 годзе душылі першую ў 20 стагоддзі спробу стварэння незалежнай беларускай дзяржаўнасці – Беларускую Народную Рэспубліку.
Калі б Іосіфу Сталіну ў 1944 годзе сказалі, што часткі 2-га гвардзейскага танкавага корпуса, якія ўступілі ў Менск 3 ліпеня, ваююць за незалежнасць Беларусі, то вызваліцелям беларускай сталіцы ад немцаў хутка б забяспечылі вечны адпачынак у новых Курапатах.
Зразумела, што ў штогадовым віншаванні з высокіх трыбунаў абавязкова згадваюць «Вялікую Перамогу». Забываюць толькі сказаць, што «вялікая перамога» для БССР азначала не толькі людскія, але і тэрытарыяльныя страты – прыкладна 10 адсоткаў беларускай тэрыторыі Сталін здаў польскім камуністам.
Незвычайная «перамога» у вайне. Вось такі «суверэнітэт» і «незалежнасць» пад савецкімі сцягамі.
Беларусь проста вярнулі пад татальны кантроль Масквы, а ўзначаліў фармальна існуючую «беларускую рэспубліку» зноў Панцеляймон Панамарэнка, які збягаў адсюль у 1941 годзе.
Панамарэнка быў прысланы сюды ў 1938 годзе, і меў да нашай краіны ня большае дачыненне, чым ягоны калега па кіраванні акупаванай Беларуссю Вільгэльм Кубе – што камуністычны, што нацыскі функцыянеры не былі беларусамі і да свайго прызначэння ніколі ў Беларусі не жылі.
Як раз Панамарэнка ў 1938 годзе прапаноўваў арыштаваць і судзіць Янку Купалу і Якуба Коласа як контррэвалюцыянераў, нацыяналістаў, і называў іх «прафашысцкімі пісьменнікамі».
Менавіта Панамарэнка можа быць арганізатарам забойства Янкі Купалы ў 1942 годзе ў Маскве.
Таксама Беларусь у 1944 годзе вярнулася пад кантроль Лаўрэнція Цанавы, яшчэ аднаго чужаземца, прызначанага сюды ў 1938 годзе. Яшчэ да вайны Цанава як кіраўнік НКВД БССР кіраваў масавымі рэпрэсіямі ў Беларусі, а пасля 3 ліпеня 1944 года як кіраўнік НКГБ і МГБ БССР працягнуў тую ж «працу».
Такім чынам, кожны раз 3 ліпеня згадвайце, што ў гэты дзень Беларуссю зноў сталі кіраваць людзі, якія хацелі кінуць у турму Купалу і Коласа, і забілі тысячы іншых беларусаў.
Дый народ Беларусі, хоць і нацярпеўся ад нямецкай акупацыі, зусім не адназначна ўспрымаў вяртанне акупацыі савецкай.
Гэтак, летам 1945 года ў Беларусі камуністы вырашылі праводзіць прапагандысцкую акцыю – падпісанне ад імя ўсяго народу ліста ўдзячнасці Сталіну за вызваленне ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Камуністы каталіся па вёсках, распавядалі, якія нацысты дрэнныя, а потым прапаноўвалі падпісаць ліст з падзякай «народнаму бацьку», піша журналіст Андрэй Пачобут у сваім блогу.
Дык вось, шмат дзе каса найшла на камень – людзі адмаўляліся падпісваць і часам нават у твар казалі камуністам, што яны пра іх думаюць. Вось цытаты з дакументаў таго часу:
––––––––––––
Уладзіміра Багдзевіч (Вампершчына): Немец нам не сябар, а Сталін нам не бацька. Калі немец забіраў нашую моладзь у няволю, ён так сама лічыў яе дабравольцамі, тое самае робяць і бальшавікі завязуць у Сібір і лічаць дабравольцамі. Калі Сталін меў права сілай нас забіраць дык і подпіс яму наш не патрэбны.
Сцепаніда Шамрэй (Пашкі): Быў бы добры гаспадар, усе б яму падпісаліся, а тое не людзі, а звяры, садзяць у турмы, людзей голадам мучаюць, ссылаюць у Сібір…
Станіслава Махнач (Губічы): Немцы закатавалі і расстралялі шмат людзей, але колькі закатавалі і расстралялі камуністы? Пра гэта вы не кажаце. За што майго брата закатавалі ў Беластоку? Рэжце, страляйце мяне, але мне савецкая ўлада і вы, камуністы, не падабаецеся. Сталін гоніць нас у калгас. Няма за што выказваць яму ўдзячнасць.
Юзефа Комчіц (Гільвенцы): Нас Сталін не вызваляў а заваяваў, забраў нашых мужоў на працу ў Чэлябінск, пабіў на фронце…Таму мы падпісваць пісьмо Сталіну не будзем.
Юзэф Марцэўскі (Ямонты): У нас дурняў няма, каб падпісвацца.
––––––––––––-
Як вядома, Беларусь зрабілася незалежнаюу 1991 годзе менавіта дзякуючы таму, што СССР рэзка аслабеў, а затым і перастаў існаваць.
Дык няўжо незалежнай Беларусі варта святкаваць вяртанне ў Менск улады прызначэнцаў Масквы – улады цанаў і панамарэнак?