Дзе атрымаць бясплатна дадатковую адукацыю? Топ-5 установаў


Мы склалі спіс установаў, дзе можна атрымаць навучанне еўрапейскага ўзроўню, даведацца нешта новае і знайсці кола аднадумцаў і, што важна, зусім бясплатна. Калі вы стаміліся ад сумных школьных урокаў, застарэлых універсітэцкіх курсаў і савецкіх падручнікаў, гэты топ створаны адмыслова для вас.

1. Беларускі калегіюм

Адна з найстарэйшых установаў нефармальнай адукацыі ў сучаснай Беларусі была заснавана ў 1997 годзе шэрагам няўрадавых беларускіх арганізацыяў і прыватных асобаў. Выкладчыкамі Калегіюму з’яўляюцца вядомыя беларускія грамадскія і культурніцкія дзеячы, пісьменнікі, журналісты.

Акрамя таго, цягам існавання ўстановы ў межах Беларускага калегіума было рэалізавана шэраг праектаў: газета «Анціпод»; часопісы «Паміж», «Historica», «Terra Historica», цыкл кніг «Бібліятэка «Беларускі Калегіюм».

У Беларускім калегіюме функцыянуе чатыры курсы: журналістыка, найноўшая гісторыя, філасофія і літаратура, еўрапеістыка.

2. Лятучы ўніверсітэт

Лятучы ўніверсітэт распачаў сваю дзейнасць у 2011 годзе. Кожны можа знайсці для сябе цікавы курс па філасофіі, гісторыі, палітыцы ды іншых прадметах. Лятучы рэалізуе навучанне як праз офлайн курсы, гэтак мае і онлайн курсы, якія можна прайсці на сайце. Акрамя таго, Лятучы ўніверсітэт ладзіць шэраг іншых праектаў і актыўнасцяў.

3. Еўрапейскі каледж Liberal Arts у Беларусі (ECLAB)

ECLAB паўстаў у 2014 годзе. Арганізатары пазіцыянуюць ECLAB як нефармальную навучальную ўстанову, у якой беларусы могуць пазнаёміцца з еўрапейскім падыходам да выкладання і навучання. Сярод курсаў каледжу ёсць «Шчасце, каханне і штодзённасць у савецкім кінематографе (уводзіны ў даследаванні савецкай культуры)», «Доўгае ХХ стагоддзе – «эпоха нявызначанасцяў», «Быццё людзьмі»: самапавага, сяброўства, салідарнасць». Азнаёміцца з усімі прапанаванымі курсамі можна на сайце.

4. Фіальта

Арганізацыя зʼявілася ў 1995 годзе і сёння зʼяўляецца моладзевым адукацыйным цэнтрам, дзе можна палепшыць ангельскую ці нямецкую мову, займацца ёгаю, удзельнічаць у літаратурных сустрэчах і кінаклубе, наведаць курсы праграмавання і шмат чаго іншага.

5. Мова Нанова

Курсы Мова Нанова ўзніклі ў 2014 годзе. На іх кожны жадаючы можа вывучаць беларускую мову ў цікавым і інтэрактыўным фармаце. Мова Нанова адметныя тым, што працуюць не толькі ў Менску, але таксама маюць свае філіялы ў іншых гарадах Беларусі. Акрамя непасрэдна вывучэння мовы, у межах курсаў адбываюцца прэзентацыі, сустрэчы з цікавымі асобамі, дзеячамі беларускай культуры. А на «Белсаце» вы знойдзеце тэлеверсію курсаў.

КС, belsat.eu

Стужка навінаў