Дырэктар берасцейскага рынку стала героем фотожабаў


На афіцыйным сайце берасцейскага рынку «Лагуна» з’явіліся здымкі, на якіх дырэктар рынку і дэпутат горсавету Наталля Ільніцкая з дапамогай фота-мантажу наведвае розныя імпрэзы. Так чыноўніца аказваецца на сцэне з былым кіраўніком гораду, наведвае выставу ці з’яўляецца разам з футбольнай камандай. Сама Наталля Ільніцкая адмаўляе, што ўдзельнічае ў мерапрыемствах з дапамогай фотошопу.



«Мяне абвінавацілі ў тым, што я, маўляў, не ўдзельнічаю ў мерапрыемствах, а проста фоташопам накладваю свае здымкі. Гэта няпраўда! Па кожным здымку я магу даказаць, што там была. У мяне ёсць свая студыя. Я фатаграфуюся толькі з імі. Мы здымаем відэа і фота. Дык вось фатограф нічога такога не выкарыстоўвае. Ён толькі прычоску можа падправіць, калі трэба. Ўсё. Навошта мне сябе кудысьці ўклейваць! Навошта мне фотошоп? Сэнсу няма ніякага.», – заявіла Наталля Ільніцкая ў размове з onliner.by.

Сапраўды, на мерапрыемстве па адкрыцці ліхтара 27 ліпеня 2013 г Наталля Ільніцкая была. Гэта пацвярджаюць шматлікія фатаграфіі. Але мабыць здымак з уручэннем дыплома ў фатографа «Лагуны» не атрымаўся, і ён вырашыў выкарыстаць фоташоп.

Фатаграфіі футбольнай каманды «Лагуна» больш за пяць гадоў. У левым куце кадра можна ўбачыць форварда нацыянальнай зборнай Беларусі і футбольнага клубу «Менск» Уладзіміра Хвашчынскага, які не жыве ў Берасці ўжо больш за тры гады. Нават аўтар фота не ўзгадаў, калі ён рабіў гэты здымак і падрабязнасці фотасессіі.

Наталля Ільніцкая магла б сказаць журналістам, што, да прыкладу, не ў курсе сітуацыі і абавязкова ўсе высветліць. Але даказваючы праўдзівасць фотаздымкаў, стала героем фотожабаў ды сапраўдным інтэрнэт-мемам.

Стварэнне калажаў у сацыяльных сетках закруцілася з падачы фотажурналіста Міланы Харытонавай.






«Я не сцвярджаю, што ўсе здымкі на сайце »Лагуны« фоташоп, але лічу, што на некаторых з іх мантаж відавочны, гэта і ставіць пад сумнеў усе астатнія. Сваім заклікам рабіць фотажабы з дэпутаткай я хацела прадэманстраваць абсурднасць гэтай сітуацыі і тое, што дробны падман можа пазбавіць даверу. Напрыклад, у Расеі чыноўнікі дайшлі да таго, што «рэмантуюць» дарогі і дамы з дапамогай фоташопу, мне б не хацелася, каб так было ў нас», – сказала фотажурналістка ў каментары belsat.eu.

СА, belsat.eu, фотажабы з Facebook.com і фатаграфіі з  http://laguna-brest.by/administration.html

Глядзі таксама
Каментары