Дык хто падымаў кошты на бензін?


Лукашэнка крытыкуе дзеянні ўраду, які сам прызначыў ды абяцае, што «штучнага падвышэння» коштаў на паліва не будзе. Бо падняць кошты «і дурань можа».

Падчас нарады з Урадам і Нацбанкам кіраўнік краіны закрануў балючую не толькі для аўтамабілістаў, але і для бюджэту краіны тэму коштаў на паліва. Урад запрапанаваў у чарговы раз падняць кошты на паліва, каб падтрымаць беларускія нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы.

З рапартаў афіцыйных медыяў вынікае, што ў НПЗ могуць узнікнуць фінансавыя праблемы праз расейскія махінацыі з падаткамі і мытамі, у выніку якіх кошты нафты для Беларусі павысяцца на $ 100. І менавіта ўнутраны спажывец ізноў меўся б кампенсаваць гэтыя страты.

«Няхай шукаюць гэтыя грошы на НПЗ і на продажах на вонкавым рынку. Трэба гэтыя рычагі задзейнічаць, а не простыя: узялі кошты і паднялі. Гэта і дурань можа» Дзеля гэтага і ўраду не трэба!» – публічна абураўся Аляксандр Лукашэнка на прапанову павысіць кошты на бензін.

Зрэшты, ад самага пачатку прызначэння кіраўніком ураду Міхаіла Мясніковіча (напрыканцы 2010), кошты на бензін толькі і раслі. Хай і кожны раз з рознымі апраўданнямі: са спасылкаю на сусветныя кошты на нафту, на неабходнасць павысіць канкурэнтаздольнасць НПЗ, на кошты на бензін у суседніх краінах.

Кошты на бензін у Беларусі за апошнія гады змяншаліся толькі аднойчы – у выніку шумных пратэстаў «Стоп-бензін», калі аўтамабілісты змусілі ўмяшацца Аляксандра Лукашэнку.

Калі ж сусветныя кошты на нафту альбо на паліва ў суседніх краінах падае, «Белнафтахім» спрабуе гэтага не заўважаць. Цяпер кошт на бензін прывязалі да курсу долара. Хоць заробкі беларусаў да «зялёнага» не прывязаны.

МЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары