Дождж на Каляды: у Строчыцах без вогнішча

photo

У Музеі архітэктуры і побыту некаторыя элементы святкавання традыцыйных калядаў не рэканструюцца праз анамальнае надвор’е.

Сёлета надворʼе адкарэктавала не толькі атмасферу старажытнага свята – зялёныя палі пасавалі б болей да Калядаў у Новай Зеландыі, – але і сцэнар мерапрыемства, якое Музей народнай архітэктуры і побыту звычайна ладзіць у гэты час для гасцей скансэну: вогнішча не ўдалося распаліць праз дождж.

Агонь павінен быў стаць адным з ключавых момантаў строчыцкіх Калядаў: на ім павінна было згарэць драўлянае кола-сонца. Гэта сімвалізавала б пачатак Новага году і павелічэнне светлавога дня. Як сказаў наш рэпартэр на месцы, «давялося абысціся спевамі, танцамі і святочнымі гульнямі». Глядзіце яго фотарэпартаж пра Каляды ў эпоху глабальнага пацяплення.

Умоўна такую пазіцыю можна назваць песімістычнай. Але ў Строчыцах пабывала нашая карэспандэнтка, якая акрэслівае сябе як аптымістку. Яна піша з музею, што нягледзячы на адсутнасць снегу, у Строчыцах было шмат цікавага. Так, падчас калядных абрадаў можна было прайсці па дварах разам з Дзедам-Зорканошам, Мядзьведзем, Жоравам, Механошам i, канешне Казой.

Журналістка адзначае, што тыя, хто стаміўся танцаваць або змёрз, маглі зазірнуць на майстар-клас па вырабу саламяных павукоў і паглядзець батлейку. Але рэпартэрка вырашыла стаяць на двары да канца і спецыяльна для чытачоў нашага сайту запісала кавалак дзеі «Каляды ў нашым сяле» ды фрагмент выступу «Этна-суполкі» на «Старажытных Калядах».

ДД, belsat.eu; УГ (фота песіміста); МР (відэа аптымісткі)

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары