ДНР: Кантактная група па Украіне збярэцца ў Менску 6 траўня


Сустрэча кантактнай групы па ўрэгуляванні канфлікту на паўднёвым усходзе Украіны адбудзецца 6 траўня, паведаміў афіцыйны прадстаўнік самаабвешчанай Данецкай Народнай Рэспублікі на перамовах Дзяніс Пушылін.

«Мы атрымалі запрашэнне на сустрэчу ў Менску, якая адбудзецца 6 траўня. На ёй мы будзем абмяркоўваць запуск тэматычных падгруп», – цытуе словы Пушыліна Данецкае агенцтва навін.

Ён дадаў, што запрашэнне на сустрэчу ў Менску таксама атрымалі прадстаўнікі Луганскай Народнай Рэспублікі, падае interfax.by.

Упаўнаважаны прадстаўнік самаабвешчанай Луганскай народнай рэспублікі на перамовах кантактнай групы Уладзіслаў Дзяйнега пацвердзіў атрыманне афіцыйнага запрашэння на сустрэчу.

«Я ўжо атрымаў афіцыйнае запрашэнне на 6 чысла, на сустрэчу працоўных груп», – цытуе словы Дзяйнегі Луганскі інфармацыйны цэнтр.

Украінскі бок пацвердзіў дату новай сустрэчы кантактнай групы ў Менску – 6 траўня, паведаміла прэс-сакратарка прадстаўніка Украіны ў кантактнай групе Леаніда Кучмы Дар’я Аліфер на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку», падае расейскае агенцтва ТАСС.

Паводле словаў лідара ДНР Аляксандра Захарчанкі, у Менск маюць прыбыць прадстаўнікі АБСЕ.

«Я не веру ў хутчэйшы вынік ад бліжэйшай сустрэчы ў Менску, тут шмат што залежыць ад украінскага боку. Мы перадалі свае пажаданні. У прыватнасці, настойваем, каб менскія пагаднення выконваліся комплексна – як эканамічныя, так і палітычныя. Спадзяемся на гэта», – прыводзіць словы Захарчанкі Данецкае агенцтва навін.

30 красавіка лідары краін «нармандскай чацвёркі» (прэзідэнт Францыі Франсуа Алянд, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін і ўкраінскі прэзідэнт Пятро Парашэнка) падчас тэлефоннай размовы абмеркавалі сітуацыю на Украіне і дамовіліся аб неабходнасці хутчэйшага правядзення сустрэч рабочых падгруп кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на Украіне.

Раней украінскі прэм’ер-міністр Арсеній Яцэнюк падкрэсліў, што Украіна выдаткавала $ 1 млрд на газ для акупаванага Данбасу, хоць нічога не атрымлівае ў бюджэт з акупаваных тэрыторый.

МЯ, паводле interfax.by, tass.ru

Стужка навінаў