Дэпутаты канчаткова падтрымалі пенсійную рэформу. Але гэта яшчэ не канец


Трэцяе і фінальнае слуханне ў Дзярждуме РФ скончылася прыняццем пенсійнай рэформы. За выказаліся 332 дэпутаты, супраць – 83, тых, хто ўстрымаліся, не было.

Камуністы, «Справядлівая Расея» і ЛДПР выступілі супраць павышэння пенсійнага ўзросту.

«Мы не лічым гэта рэформай. Яна падрывае нацыянальны суверэнітэт. Я вельмі здзіўлены тым, што вы не бачыце, што 80% грамадзянаў катэгарычна супраць гэтага закону – іх выступы становяцца больш радыкальнымі. Я б на месцы прэзідэнта не стаў падпісваць гэты закон. Ён атрымаў 77%, а 80% грамадзянаў супраць!», – заявіў лідар КПРФ Генадзь Зюганаў.

Праўладная «Адзіная Расея» цалкам падтрымала законапраект.

«Праз некалькі гадоў пенсія б ператварылася ў маленькую, плоскую дапамогу, якую атрымлівала б палова непрацаздольнага насельніцтва. Нашае нічоганерабленне асудзіла б людзей на татальную галечу», – цытуе дэпутата-адзінароса Андрэя Ісаева «Новая газета».

Каля будынка Дзярждумы прайшоў чарговы пікет супраць пенсійнай рэформы.

У выніку ўчорашняга, другога слухання дэпутаты прынялі папраўкі, прапанаваныя Уладзімірам Пуціным падчас тэлевізійнага выступу 29 жніўня.

Галасаванне суправаджалася пратэстамі, як пад будынкам Дзярждумы, так і ўнутры яго. Дэпутаты ад фракцыі КПРФ прыйшлі на разгляд паправак у футболках з перакрэсленымі лічбамі 63 і 65, якія абазначаюць узрост выхаду на пенсію.

Hавiны
Дэпутаты падтрымалі прапанаваныя Пуціным папраўкі да пенсійнай рэформы. Каля будынку Дзярждумы – пратэсты
2018.09.26 14:20

Далей законапраект чакае разгляд у Савеце Федэрацыі, верагодна 3 кастрычніка і подпіс прэзідэнта Расеі.

Рэформа мае павелічыць пенсійны ўзрост да 60 гадоў для жанчын і 65 – для мужчын. Шматлікія пратэсты супраць законапраекта ў Расеі працягваюцца ад чэрвеня. Апошні прайшоў 9 верасня.

ЛБ, belsat.eu

Стужка навінаў