«Дармаед», шукаеш працы? Ідзі гуляй! …у футбол!


Фота Timo Dierckx

Беларускія футбольныя клубы ў роспачы шукаюць гульцоў нават на біржах працы пры Цэнтрах занятасці.

Гэткім шляхам пайшла каманда вышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі па футболе «Нафтан» з Наваполацку набірае новую каманду з дапамогай біржы працы. Праз нявыплаты заробкаў клуб пакінула 15 футбалістаў.

Цяпер на кантракце ў Наваполацку толькі сем футбалістаў, астатніх шукаюць, у тым ліку і праз біржу працы. Пры гэтым не прадʼяўляюць да кандыдатаў аніякіх патрабаванняў і прапануюць заробак у 313 рублёў.

У мінулым сезоне «Нафтан» заняў у чэмпіянаце краіны 14 месца з 16 удзельнікаў турніру і не пакінула элітны дывізіён толькі таму, што ў аўтсайдэраў бабруйскай «Белшыны» і «Граніту» з Мікашэвічаў фінансавае становішча было яшчэ горш.

Запазычанасці перад працаўнікамі клубу – з 2014 года, таму ў чэмпіянаце Беларусі клуб з Наваполацку будзе стартаваць з «мінсувой» пазіцыі: «-3» пункты ў агульнай табліцы. А калі запазычанасці не будуць пагашаны да вясны, клуб рызыкуе страціць яшчэ тры пункты.

У мінулым сезоне ў сувязі «цяжкім фінансавым становішчам» галкіпер «Нафтану» Ігар Даўгяла прадаваў гульнявыя буцы за 50 рублёў. Пры першай жа магчымасці брамнік пакінуў Наваполацк і перабраўся ў магілёўскі «Днепр».

Гэтак жа ў Магілёве два гады таму праз біржу працы шукалі галоўнага трэнера для мясцовага хакейнага клубу.

Гульцамі, якія прыходзяць выступаць у такія безграшовыя клубы як «Нафтан», кіруюць амбіцыі пагуляць у вышэйшай лізе і не патрапіць пад дзеянне дэкрэту №3. Напрыклад, «ліст шчасця» атрымаў былы галкіпер зборнай Беларусі 31-гадовы Антон Амельчанка, які нядаўна падпісаў кантракт з «Крумкачамі».

Заўважым, што ў Наваполацку на біржу працы звярнуўся і мясцовы хакейны «Хімік». Клуб шукае трэнера-масажыста на пастаўкі з заробкам 133 рублі і досведам працы па спецыяльнасці не менш за тры гады.

Адзін з самых высокіх заробкаў (на ўзроўні начальніка аддзелу і галоўнага інжынера) на біржы вакансіяў прапануюць участковаму міліцыянту – 600 рублёў – пры ўмове наяўнасці вышэйшай адукацыі і адсутнасці судзімасці. А вось наладчык клавішных інструментаў у дзіцячай школе мастацтваў можа разлічваць толькі на 265 рублёў.

CA, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары