Дар'я Домрачава завяршае кар'еру. СТРЫМ


Прэс-канферэнцыя Дар’і Домрачавай

Домрачава скончвае кар’еру?

Opublikowany przez Белсат TV Poniedziałek, 25 czerwca 2018

Дар’я Домрачава пасля завяршэння алімпійскага сезону абяцала вызначыцца з пытаннем пра працяг сваёй карʼеры яшчэ да пачатку траўня, але дагэтуль ніякіх заяваў з гэтай нагоды не рабіла.

Аб сваім рашэнні чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка па біятлоне аб’явіла 25 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным алімпійскім камітэце Беларусі.

«Я вельмі доўга думала і прыйшоў час расставіць кропкі над і. Я намагалася знайсці кампраміс, які б мне дазволіў выхоўваць дзіцё і працягваць спартовую кар’еру. На жаль, я не знайшла рашэння, якое б дапамагло сумяшчаць дзве такія важныя вобласці майго жыцця. Гэтае рашэнне для мяне абдуманае і нялёгкае, але я завяршаючы сваю спартовую карʼеру», – стрымліваючы слёзы, кажа Дарʼя Домрачава.

Нагадаем, Домрачава ў шлюбе з вядомым нарвежскім біятланістам Уле-Эйнарам Б’ёрндаленам. У 2016 годзе ў іх нарадзілася дачка.

На прэс-канференцыі Домрачава адзначыла, што муж быў гатовы падтрымаць яе, калі б яна вырашыла працягнуць спартовую кар’еру.

«Але я вырашыла, што гэта было б складаным перыядам, калі б я мучылася сама і мучыла сваё дзіцяці», – адзначыла яна.

Домрачава заявіла, што пакуль не вырашыла дзе будзе атрымліваць адукацыю яе дачка – у Беларусі або Нарвегіі. «У нас яшчэ ёсць час пра гэта падумаць», – кажа яна.

Домрачава падкрэсліла, што задаволеная вынікамі сваёй спартовай кар’еры:

«Я завяршаю карʼеру з вельмі добрымі адчуваннямі. Я вельмі задаволеная тым, як усё адбылося ў мяне. Я сыходжу пераможцаю», – заявіла яна.

Журналісты пацікавіліся ў Домрачавай, ці разглядае яна магчымасць вяртання ў спорт пасля 2-3 гадоў адпачынку. Біятланістка такую магчымасць цалкам не выключыла: «Я думаю, што мае цяперашняе рашэнне – правільнае. Загадваць, што будзе далей, я не хачу».

Пасля прэс-канференцыі Домрачавай пачаставала журналістаў тортам

Тэрмін ранейшага кантракта тытулаванай спартоўкі са зборнай Беларусі сканчаецца 30 чэрвеня.

На пачатку чэрвеня пра завяршэнне карʼеры заявіла Надзея Скардзіна.

Цяпер у трэнавальным працэсе прымае ўдзел толькі адна спартоўка з асноўнага алімпійскага складу – Ірына Крыўко.

ДР belsat.eu паводле pressball.by

Стужка навінаў