Данбас. Першы год вайны


Амаль год таму на вуліцы гарадоў усходу Украіны выйшлі людзі з патрабаваннямі далучэння да Расеі. Пасля з’явіліся ўзброеныя асобы, якія займалі цэлыя гарады. Аслабленая пасля рэвалюцыі і анексіі Крыму краіна доўгімі месяцамі вучылася супрацьстаяць падтрыманай Расеяй агрэсіі. Цяпер, у час хісткага замірэння, Кіеў падлічвае страты і аналізуе карані прарасейскага сепаратызму.

Як украінская выведка ды спецслужбы дапусцілі ўвядзенне на ўсход краіны атрадаў добра ўзброеных дыверсантаў і дазволілі сепаратысцкім настроям разрасціся амаль на ўвесь Данбас? Паводле прэзідэнта Пятра Парашэнкі, адказ просты – 80% супрацоўнікаў Службы бяспекі Украіны ў той час працавалі на ФСБ. Вербаванне вялося з 2012-га года. Як сітуацыя выглядае цяпер?

«Фактычна ўсе сілавыя ведамствы працавалі на Расею, а не на Украіну. Але цяпер чыстка, люстрацыя вядзецца дастаткова актыўна, і гэтых людзей актыўна выяўляюць. Вядома, нам не ўдасца нават за год цалкам ачысціць свае структуры, але мы да гэтага імкнемся», – гаворыць Тарас Пастух, з Камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Вярхоўнай Рады Украіны.

Пасля таго, як узброеныя людзі, асабліва і не хаваючы, што прыехалі з Расеі, захапілі цэлыя абшары Украіны. Украінская Рада, дзе яшчэ засядалі і камуністы, і Партыя рэгіёнаў, пад ціскам выканальніка абавязкаў прэзідэнта Аляксандра Турчынава распачынае Антытэрарыстычную аперацыю. Цягам першых месяцаў украінцы зазнаюць няўдачу за няўдачаю. Прычыны? Цяпер Кіеў прызнае, што тады войска фактычна не існавала.

«Першыя сілавыя дзеянні з боку сілаў АТА праводзілі падраздзяленні, агульнаю колькасцю 400-450 чалавек. Гэта ў прынцыпе ўсё, што здолелі сабраць з усёй Украіны, падкрэсліў у інтэрвю «Белсату» Дмытро Тымчук, дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны ды вайсковы аналітык. – І гэта не толькі збройныя сілы, але яшчэ і ўнутраныя войскі, і Нацыянальная гвардыя, і нават тая ж Альфа СБУшная… Ну, гэта была патавая сітуацыя».

Шлях да патавага замірэння каштаваў жыццяў каля 1200 мірных жыхароў, больш за 1700 украінскіх жаўнераў і не менш за дзевяць тысячаў баевікоў і расейскіх жаўнераў. Каля 1.5 мільёна чалавек уцяклі ад вайны ў суседнія краіны і ў глыб Украіны. Нягледзячы на ўсе намаганні Украіны, удалыя выбары новага парламенту і прэзідэнта, паступовае выпраўленне сітуацыі з збройнымі сіламі, ні адзін з бакоў за гэты год не наблізіўся да развязання сітуацыі. Для Кіева асноўная праблема цяпер – эканамічная. Год фактычнае вайны выціснуў гаспадарку краіны, як лімон.

Расціслаў Ішчанка з Цэнтру сацыяльнага аналізу і прагназавання гаворыць, што толькі за першыя два месяцы гэтага года, паводле афіцыйных украінскіх звестак, адзначаюць 25 % спад, адносна да аналагічнага перыяду летась. А паводле некаторых галінаў – спад і ў 45 % назіраўся. «То бок фактычна, эканоміка памерла», – зазначыў суразмоўца.

Калі ўкраінская эканоміка памірае, то ў тэрарыстычных «ЛНР» і «ДНР» яна і не нараджалася. Да таго ж, калі Кіеў можа спадзявацца на заходнюю дапамогу, баевікі пачуваюцца здраджанымі Расеяй. Былы міністр абароны Данецкай рэспублікі, Ігар Стралкоў, распавёў, што баевікі чакалі крымскі сцэнар развіцця падзеяў на Данбасе.

«Патрабаваць ад Данецка і Луганска – ад насельніцтва і ад патрыятычных сілаў – каб яны выбудоўвалі сапраўды дзеяздольныя структуры, калі яны не разумеюць, з якога боку ім чакаць удару – ці то ў лоб, ці то ў спіну – гэта вельмі завышаныя патрабаванні», – кажа Ігар Стралкоў-Гіркін, што пэўны час быў лідарам баевікоў.

Якім будзе другі год вайны на Данбасе? Пакуль трывае крохкае замірэнне, бакі нарошчваюць сілы. Паводле Украінскіх сілавікоў баевікі разам з расейскімі сіламі ўжо падрыхтавалі тры ўдарныя групоўкі, якія пакуль трымаюць дыстанцыю ад лініі размежавання. Мірнае развязанне выглядае ўсё менш імаверным.

«Калі ДНР і ЛНР зробяць з сябе нейкія квазі-дзяржаўныя ўтварэнні, пра мірнае ўрэгуляванне можна забыцца. Расея будзе ва ўльтыматыўнай форме казаць пра тое, што любая спроба сілавога развязання сітуацыі прывядзе да адкрытага збройнага канфлікту паміж краінамі. Я маю на ўвазе – да адкрытага канфлікту. Пры другім варыянце… ну ў нас ёсць дастаткова сілаў, каб стрымліваць гэты наступ», – падкрэслівае Тымчук.

Таму гэткі дрэнны мір застаецца найлепшым варыянтам. Бо спроба іншага выйсця з тупіка, у які загналі дзве краіны дзеянні Крамля, прывядзе толькі да большага кровапраліцця.

Усевалад Шлыкаў, belsat.eu

Стужка навінаў