Дачка Карымава кажа пра выздараўленне бацькі

video

Малодшая дачка прэзідэнта Узбекістану Іслама Карымава – Лола – на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» зняпраўдзіла смерць свайго бацькі.

«Ад усяго сэрца віншую сваіх суайчыннікаў з Днём Незалежнасці! – напісала Карымава-Ціляева. – Я б хацела пажадаць нашаму працавітаму і бясконца таленавітаму і добрасардэчнаму народу Узбекістану шчасця, росквіту і дабрабыту! Хай на нашай цудоўнай зямлі заўсёды пануюць мір і спакой, талерантнасць і ўзаемапавага паміж прадстаўнікамі розных нацый і веравызнанняў, якімі спрадвеку славілася нашая Радзіма!»

Лола Карымава-Ціляева таксама скарысталася нагодаю і выказала падзяку ўсім, хто маральна падтрымаў сямʼю кіраўніка Узбекістану.

«Гэта вельмі шмат значыць для нас, і я ўпэўненая, што гэтая велізарная сіла дабра, якая зыходзіць з самой глыбіні вашых сэрцаў, дапамагае ў яго выздараўленні! Дзякуй вам вялікі!» – падсумавала дачка Карымава.

28 жніўня 2016 года Кабінет міністраў Узбекістану паведаміў, што 78-гадовы Іслам Карымаў напярэдадні быў шпіталізаваны ў лякарню пасля інсульту і знаходзіцца на стацыянарным лячэнні. Зʼявіліся нават паведамленні пра ягоную смерць.


Іслам Карымаў кіруе Узбекістанам з 1989 года. Ён быў спачатку першым сакратаром ЦК Камуністычнай партыі Узбекістану (1989-1991), прэзідэнтам Узбекскай ССР (1990-1991), а з 1991 года першым і нязменным прэзідэнтам Рэспублікі Узбекістан.

МЯ, паводле naviny.by

Глядзі таксама
Каментары