Да канца года плануюцца змены ў дэкрэце пра дармаедаў


Міністэрства па падатках і зборах да канца 2015 года прапануе змены ў дэкрэце «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства».

«У цяперашні час вядзецца збор інфармацыі пра тое, якую норму ў дэкрэце неабходна скарэктаваць. Праца ідзе, каб выявіць вузкія месцы (дэкрэта – рэд.)», – сказала намесніца начальніка галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Беларусі Святлана Шаўчэнка на прэс-канферэнцыі.

Паводле чыноўніцы, міністэрства выяўляе катэгорыі грамадзянаў, асоб якіх, магчыма, трэба ўключыць у пералік асоб, якія не мусяць выплачваць збору, падае interfax.by.

«Усё будзе зроблена да канца года. Вы ж разумееце, што з 1 студзеня ўжо будзе весціся праца па ўручэнні паведамленняў (на выплату збору – рэд.)», – дадала яна.

Прадстаўніца міністэрства адзначыла, што на сёння ідзе праца па выяўленні грамадзянаў, якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў. «Будзе ўсё гэта (выбарка грамадзянаў – рэд.) адбывацца на падставе спецыяльнага праграмнага забеспячэння, якое будзе вылічаць людзей, якія нідзе не працавалі, не атрымлівалі прыбыткаў і адпаведна не плацілі падаткаў», – сказала Шаўчэнка.

Дэкрэт пра дармаедаў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў сёлета 2 красавіка.

МЯ, паводле interfax.by

Глядзі таксама
Каментары