Ці выйдзе Грэцыя з еўразоны?


Магчымы сцэнар новай пагрозы

Грэцыю чакае дэфолт. Краіна мусіць да канца чэрвеня сплаціць пазыкі Міжнароднаму Валютнаму Фону (МВФ), але грэчаская казна пустая як ’кішэнь жабрака. Выратаваць эканоміку краіны можа толькі тэрміновая фінансавая дапамога. Урад Грэцыі заяўляе пра магчымае выйсце з еўразоны.

Сітуацыя нагадвае фінансавы апакаліпсіс. І ўсё гэта на фоне панікі ўкладчыкаў, якія за апошні тыдзень знялі з банкаўскіх рахункаў больш за 3 мільярды еўраў. Пры гэтым левы ўрад у Афінах спрабуе дыктаваць свае ўмовы крэдытавання тым, у каго пазычае грошы.

Канцлер ФРГ Ангела Мэркель папярэдзіла грэцкія ўлады, што яны павінны да панядзелка дасягнуць пагаднення з крэдыторамі.

У панядзелак мае адбыцца экстраны саміт чальцоў еўразоны. Імаверна, што гэта будзе апошні шанец, каб знайсці выйсце з тупіковай сітуацыі. Калі дапусціць крах банкаўскай сістэмы Грэцыі – гэта можа стаць пачаткам глыбокага крызісу і не толькі для еўразоны.

Галоўная пагроза

Банкрутства «Lehman Brothers» у 2008 годзе з абавязальніцтвамі на 613 мільярдаў долараў сталася прычынай сусветнага эканамічнага крызісу. Можна толькі здагадвацца, як паўплывае на рэгіён і сусветную эканоміку дэфолт цэлай краіны з агульным доўгам у 476 мільярдаў еўраў.

Крах эканомікі Грэцыі можа стаць першым, але не апошнім сярод крызісных краінаў Паўднёвай Еўропы. Ніхто не бярэцца прадказаць, якія наступствы чакаюць Еўропу і свет у выпадку такога прэцэдэнту.

Калі ўлады даўжніцы не змогуць дамовіцца з крэдыторамі, палітыкі ў Афінах абяцаюць адмовіцца ад еўра і пакінуць Еўрапейскі Звяз. Нядаўнія перамовы прэм’ер-міністра Алексіса Цыпраса з Уладзімерам Пуціным вынеслі на паверхню публічнае сферы пытанні геапалітычнай арыентацыі Грэцыі

Расея, грошы або ідэалогія?

Перамовы Расеі ды Грэцыі для ўраду Алексіса Цыпраса – гэта палітычны ход у спрэчках з еўрагрупаю ўзамен на эканамічныя саступкі. Рэальна Расейская Федэрацыя пакуль не прапанавала Грэцыі палітычную альтэрнатыву выратавання эканомікі.

Грэцкім уладам патрэбныя крэдыты на камфортных умовах. А грошы пад будаўніцтва газаправоду «Турэцкая плынь» – усё, што можа даць Расея. Мемарандум аб будаўніцтве трубы з Расеяй для Грэцыі – больш шантаж саюзнікаў па ЕЗ, чым новы геапалітычны выбар.

Непраўдападобны сцэнар, калі крызісная Расея, якая не знаходзіць апошнім часам грошай для бліжэйшых хаўруснікаў, пастановіць укласці дзясяткі мільярдаў еўраў у новага стратэгічнага партнёра. З гэтым пагаджаецца і большасць аналітыкаў. «Расейцы не маюць дастаткова грошай для саміх сябе. І безумоўна, яны не маюць нічога, што магло б падтрымаць грэцкія банкі» – кажа Хольгер Шмейдынг (Holger Schmieding) эксперт «Berenberg Bank».

У дадатак, выйсці за адзін дзень з ЕЗ у Грэцыі не атрымаецца. Еўрапейскі Звяз вядзе сотні праектаў. Больш маштабных, як шэнген ці еўраатам, але не менш важных, як «Усходняе партнёрства» ці «Звяз для Міжземнамор’я». Зрабіць круты структурны разварот у бок Расейскай Федэрацыі – недазволеная раскоша для аднаго грэцкага ўраду ў такіх эканамічных умовах. Пытанне ў тым, адкуль з’явілася такая радыкальная рыторыка ва ўрадзе Цыпраса.

Сацыялізм супраць капіталізму

Кааліцыя радыкальных левых «Сірыза» прыйшла да ўлады на папулісцкіх абяцанках. Цягам апошніх год размовы пра сацыяльную роўнасць і жахі капіталізму сталі папулярнымі сярод насельніцтва Грэцыі. Таму ўлады краіны вядуць актыўны, часцей бескампрамісны дыялог з ЕЗ і МВФ. Але Народны давер да кіруючай эліты – рэч вельмі ўмоўная і залежыць ад прагрэсу ў эканоміцы. Варта памятаць, з якою ахвотай грамадзяне краіны бяруцца за кактэйлі молатава, калі не атрымліваюць жаданага.

На фоне апошніх праеўрапейскіх мітынгаў за еўра ў Афінах, кансэнсус з крэдыторамі – найменш балючае выйсце з сітуацыі для ўладаў, а значыць – самы імаверны сыход для палітычнай эліты Грэцыі.

Калі Грэцыя не зможа плаціць пазыкі, яна згубіць давер крэдытораў, без чаго аднаўленне эканомікі – туманная перспектыва. Таму еўрапейскі выбар Грэцыі, на дадзены момант, адзіны рэальны шлях пераадолець дэфолт для краіны.

Першапрычынаю праблемаў Грэцыі стаўся сусветны фінансавы крызіс, які ўдарыў па краіне ў 2007 годзе. Краіна не вытрымала канкурэнцыі тавараў і паслугаў. Вялікаю праблемаю для эканомікі Грэцыі апынулася моцнае скарачэнне колькасці турыстаў. Сітуацыя ўскладнілася на фоне інфармацыі, што ўрад Грэцыі сфальсіфікаваў статыстычныя звесткі эканомікі.

Гарась Валатовіч, belsat.eu

Стужка навінаў