Ці варта баяцца «народных рэспублік» у Прыбалтыцы?


«Рускі сепаратызм» можа ўспыхнуць на мяжы з Беларуссю. Але мясцовыя эксперты не вераць ва «украінскі сцэнар» і разважаюць пра ўплыў беларускай прапаганды.

Пасля падзеяў ва Украіне жыхары Прыбалтыкі ўсур’ёз занепакоіліся з’яўленнем сепаратыстаў. Палітыкі вымушаныя ўсё часцей супакойваць сваіх суайчыннікаў. Прэзідэнт Эстоніі Тоомас Хэндрык Ільвэс заявіў, што горад Нарва, што на мяжы з Расеяй, не стане новым Данецкам. Міністр абароны Латвіі Райманд Вейоніс паабяцаў страляць «зялёных чалавечкаў», калі яны раптам з’явяцца. А старшыня Камітэту Сейму Літвы па замежных справах Бенедыктас Юодка папярэдзіў, што трэба рыхтавацца да правакацыяў з боку Расеі.

«На прыкладзе Украіны ўжо ўвесь свет упэўніўся, што новыя фарматы канфліктаў прадугледжваюць магчымасць выкарыстоўвання нейкіх іншых сілаў. У дадзеным выпадку – нацыянальных меншасцяў. Калі пэўным чынам згуляць на балючых кропках, то цалкам магчыма, што нацыянальныя меншасці, асабліва ў месцах кампактнага пражывання, могуць стаць праблемным аспектам», – дзеліцца сваім меркаваннем з «Белсатам» літоўскі палітолаг Віктар Дзенісенка.

У Літве праблемным рэгіёнам тэарэтычна мог бы стаць горад Вісагінас, што недалёка ад беларускай мяжы. У ім жыве шмат этнічных расейцаў, хаця апошнім часам працэнт літоўцаў тут павялічыўся. Вышэйзгаданы Бенедыктас Юодка акурат раіў звярнуць увагу на занядбаны Вісагінас, у якім бракуе інвестыцыяў.

Але больш шчыльна і кампактна расейская нацменшасць пражывае ў Латвіі, у рэгіёне Латгалія. Выданне «EUobserver» нават задаецца пытаннем: ці можа ўсталявацца «рускі свет» у ЕЗ? Напрыклад, у найбуйнейшым горадзе рэгіёну Дзвінску 70% жыхароў карыстаюцца расейскай мовай. Расейскія спецслужбы час ад часу спрабуюць раздуць сепаратысцкія настроі ў Латвіі. Espreso.tv прыгадвае, як у ліпені 2011-га на прыпынках грамадскага транспарту ў Дзвінску грамадзянін Расеі расклеіў улёткі на расейскай мове. У іх дэталёва апісвалася, як латвійскія нацыяналісты прыгнятаюць расейскамоўных жыхароў Латвіі і сцвярджалася, што яны вінаватыя ў цяжкім эканамічным становішчы краіны.

[vc_single_image image=”346779″ img_size=”large”]

«Латвіі ёсць сэнс звяртаць павышаную ўвагу на палітыку Расеі, бо яна стала больш агрэсіўнай. Мы сябры ЕЗ, НАТО, гэта дае нам дадатковую бяспеку, але Расея заўсёды старалася нейкім чынам уплываць на Латвію Мы будзем прэзідэнцтваваць паўгады ў Еўразвязе, я асцерагаюся, што будзе ў нейкай ступені паўтор літоўскага сцэнара, калі былі малочныя войны і гэтак далей», – заўважае палітолаг з Латвіі Дзіяна Пацёмкіна.

Тым часам палітолаг Андыс Кударс, які сам паходзіць з Латгаліі, лічыць, што паўтор украінскага сцэнара ў Латвіі немагчымы. Перш за ўсё – па эканамічных прычынах.

«Нават улічваючы сацыяльныя праблемы рэгіёну, няма радыкалаў, якія будуць змагацца за тое, каб стаць часткай Расеі, бо яны ведаюць які там узровень жыцця, калі не лічыць Маскву і Санкт-Пецярбург», – адзначыў палітолаг у каментары «EUobserver».

[vc_single_image image=”346780″ img_size=”large”]

Вядома, што многія жыхары Прыбалтыкі з захапленнем глядзяць не толькі на Уладзіміра Пуціна, але і на Аляксандра Лукашэнку. Але беларуская прапаганда тут не пры чым, кажа Віктар Дзенісенка:

«Не думаю, што нейкая беларуская прапаганда можа асабліва паўплываць на настроі, але пэўны адсотак людзей лічаць, што цяперашняя форма кіравання ў Беларусі лепшая і самая эфектыўная».

Прыкладна такога меркавання прытрымліваецца і Дзіяна Пацёмкіна. Яна тлумачыць захапленне палітыкай Лукашэнкі тым, што пэўная частка латвійцаў не падтрымлівае існуючую ў Латвіі палітычную і эканамічную мадэль. Гэта тыя людзі, якія «патрабуюць моцнай рукі, якая зможа навесці парадак».

ЗК, belsat.eu

Стужка навінаў