Чыноўнікі паказалі дзецям дулю

video

https://www.youtube.com/watch?v=sWzd7N3TT_k

Некалькі горак, пастаўленыя ўласнымі сіламі, і раскіданыя праржавелыя турнікі – адзінае, чым могуць парадавацца дзеці ў паселішчу Юбілейны, што меціцца за тры кіламетры ад Гомля.

«Вось бачым, што нават маме з маленькім дзіцем няма дзе прысесці. Ні пакатаць дзіцяці, ні самой прысесці», – абураецца Валянціна Смаль, жыхарка паселішча Юбілейны.

Са словаў мясцовых жыхароў, летась намеснік Гомельскага аблвыканкаму Уладзімір Прывалаў паабяцаў, што сёлета вясною ў паселішчу Юбілейны ды ў суседнім з ім пасёлку Перамога з’явяцца дзіцячыя гарадкі, а таксама пляцоўкі для гульні ў футбол, баскетбол і валейбол. Абяцанняў гэтак і не выканалі. Тады ініцыятыўная група жыхароў паселішчаў хадзіла да чыноўніка на асабісты прыём, звярталася і пісьмова. Аднак замест спартова-забаўляльных пляцовак з аблвыканкаму прыйшоў пісьмовы адказ, што грошай няма і не будзе.

«Спачатку нам прапаноўвалі цэлы дзіцячы гарадок, а потым у выніку праз два тыдні нас падманулі і сказалі, што мы павінны ўсё гэта за ўласныя сродкі купіць. Вось так чыноўнікі ставяцца да нашага маладога пакалення», – скардзіцца Валянціна Смаль.

Мы таксама датэлефанаваліся да прыёмнай Уладзіміра Прывалава. Аднак сам ён так і не знайшоў часу пракаментаваць справу.

Жыхары паселішчу Юбілейны пастанавілі самастойна пабудаваць спартовую пляцоўку. Набылі матэрыялы. Заставалася толькі знайсці працаўнікоў. Але і ў гэтым чыноўнікі дапамагаць адмовіліся.

«Лукашэнка Аляксандр Рыгоравіч сказаў, што дзеці – гэта наша будучыня. Якое «наша будучыня»? Калі ў іх няма сёння сучаснасці», – дадае Валянціна Смаль.

У роспачы, жыхары Юбілейнага звярнуліся нават у рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Белая Русь». Там параілі наведваць гомельскі парк ці лядовы палац. Толькі вось месцяцца яны на адлегласці 15-20 кіламетраў ад паселішчу.

«У парк кожны дзень, выбачайце, не зʼездзіш. Не такія вялікія кашалькі ў мам», – зазначае Святлана Мызянкова, мясцовая жыхарка.

«Я хачу сказаць, што нам такія велізарныя будынкі, як лядовыя палацы на ўвесь горад, не патрэбныя. Таму што ў людзей няма сродкаў. Нам, каб даехаць да яго і аплаціць там усе паслугі – у людзей няма грошай»., – падсумоўвае Валянціна Смаль.

Можа, хоць з дапамогаю нашага тэлеканалу чыноўнікі пачуюць жыхароў Юбілейнага?

Кацярына Ерусалімская, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары