Чым грэецца Еўразвяз, які паступова адмаўляецца ад АЭС?


Цяпло і святло – базавыя патрэбы ў любой краіне. І пакуль адныя цалкам залежаць ад суседа, што прадае ім газ і нафту, іншыя ўкладаюць грошы ва ўзнаўляльную энергію. Нашая карэспандэнтка ў Нямеччыне Жанна Кромер высветліла, як абаграваецца Еўразвяз.

Пра еўрапейскую энергетычную палітыку мы размаўляем сёння з нямецкім экспертам доктарам Патрыкам Ґрайхэнам з арганізацыі «Agora Energiewende» (ням. Агора Энергетычныя змены – рэд.), якая часткова фінансуецца з дзяржаўнага бюджэту.

«Белсат»: Скажыце, якія сёння прыярытэты ў Нямеччыне ды ў Еўразвязе агулам адносна энергетычнай палітыкі?

Грайхэн: Нямеччына пастанавіла перайсці на ўзнаўляльныя энерганосьбіты. То бок вецер, сонечная энергія, біямаса і водная энергія ў будучыні маюць складаць нашае забеспячэнне электрычнасцю. Перабудова працягнецца да 2050-га года, таму гэта праект пакалення. У 2050-м мы хочам атрымліваць 80 адсоткаў нашай энергіі з узнаўляльных крыніцаў. Прыкладна такія ж планы і агулам у Еўропы, бо з аднаго боку, мы думаем пра экалогію, а з іншага, мы хочам быць незалежнымі ад вонкавых пастаўнікоў энергіі.

Гэта, вядома, нялёгка. Сёння ў нас ужо адна чвэрць усёй энергіі – з узнаўляльных крыніцаў. Гэта нашмат больш, чымся было, напрыклад, 15 гадоў таму. Тады мы мелі ўсяго 5 адсоткаў узнаўляльнай энергіі, сёння мы гаворым ужо пра 25 адсоткаў.

Наступны наш крок – давесці гэты паказнік да 50-ці адсоткаў за наступныя 10-15 гадоў. І для гэтага нам прыйдзецца, безумоўна, вырашыць некаторыя задачы. Шмат электрычнасці ад сонечнай і ветравой энергіі азначае, што шмат электрычнасці паступае з такіх крыніцаў, якія даступныя не заўсёды, а толькі тады, калі дзьме вецер ці свеціць сонца. Таму ўсю сістэму трэба пабудаваць гэтак, каб яна была вельмі гнуткая, каб можна было хутка пераключацца з адной крыніцы на іншую і не дапускаць перабояў.

Да таго ж шмат узнаўляльнай энергіі азначае менш атамнай энергіі ды энергіі з вугалю ды газавых электрастанцыяў. Вядома, аператары старых электрастанцыяў цяпер у такой пазіцыі, што ім прыйдзецца скарачацца. Зразумела, у такой сітуацыі будуць узнікаць канфлікты і дыскусіі, але калі паглядзець, у якім кірунку развіваецца будучыня, то можна заўважыць, што ва ўсім свеце адбываецца тое самае. Усё большая і большая робіцца стаўка на ўзнаўляльную энергію, і ўсё менш будуецца энергастанцыяў, што працуюць на вуглі, і атамных электрастанцыяў. Таму калі глядзець глабальна, гэтага трэнду проста немагчыма пазбегнуць.

«Белсат»: Наколькі важна Нямеччыне быць незалежнаю ад вонкавых пастаўнікоў, такіх, як, напрыклад, Расея?

Грайхэн: Спадзяюся, нашая палітыка не стане праблемаю для іншых краінаў. Вядома, мы імпартуем цяпер шмат газу з Нарвегіі, з Расеі. Мы імпартуем вугаль з Аўстраліі, Калумбіі ды Амерыкі. І гэта, натуральна, краіны, якія ў будучыні змогуць прадаваць нам усё менш, але гэта працэс, які будзе цягнуцца яшчэ наступныя 20-30 гадоў. Таму гэта не нейкі рэзкі канец стасункаў, але гэта доўгатэрміновы трэнд, на які ўсім давядзецца пераключыцца.

«Белсат»: Ці атамная энергетыка ў Нямеччыне яшчэ мае свой шанец, ці гэта ўжо ўчорашні дзень?

Грайхэн: Не. З атамнаю энергіяй Нямеччыны развітваецца. Гэта занадта дарагая тэхналогія. Танней будаваць новыя сонечныя ўстаноўкі ды ветракі. Мы бачым цяпер, напрыклад, у Вялікай Брытаніі, дзе хочуць будаваць новую атамную станцыю. Там адразу відаць, што кошты на энергію, здабытую такім шляхам, у два разы вышэйшыя, чым на сонечную і ветраную энергію. Тое самае мы бачым адносна новай атамнай электрастанцыі, якую будуюць у Фінляндыі, новай атамнай электрастанцыі ў Францыі. Паўсюль выбухаюць кошты. Такім чынам гэтая тэхналогія проста занадта дарагая!

І, да таго ж, заўсёды застаецца рызыка. Ніхто не думаў, што ў Японіі можа здарыцца такая катастрофа, якая адбылася на «Фукусіме». Бо заўсёды застаюцца нейкія рэчы, якіх заранёў не прадумалі, не пралічылі. З атамнаю энергіяй гэта проста дадзенасць, што яе немагчыма канчаткова пракантраляваць. Нават калі гэта новая адносна надзейная тэхналогія, рызыка застаецца. І да таго ж, я думаю, што і для нас, і для Беларусі можна сцвярджаць, што пабудаваць новыя ветракі ды сонечныя.батарэі – танней, чымся атамную станцыю.

Жанна Кромер, сюжэт для праграмы «Свет»

Стужка навінаў