Чацвёртае за два тыдні атручанне чадным газам: цяпер у Ваўкавыску


У аўтамабільных выхлапах утрымліваецца да 1 – 3 % угарнага газу

Ратавальнікі з Гарадзеншчыны паведамляюць, што ў аўтамайстэрні Ваўкавыску ад атручання чадным газам загінуў мужчына.

«9 лютага а 12:02 паступіла паведамленне аб атручанні ўгарным газам грамадзяніна, 1978 года нараджэння, у аўтамайстэрні Ваўкавыску», – паведамляе абласное ўпраўленне МНС.

Абставіны смерці мужчыны ўсталёўваюць супрацоўнікі Следчага камітэту.

З пачатку года ў Беларусі пачасціліся выпадкі атручвання чадным газам. Найбуйнейшая трагедыя адбылася 27 студзеня ў Барысаве: у двух кватэрах шматпавярховага дому загінулі шэсць чалавек, у тым ліку двое дзяцей.

Праз тыдзень у Стаўбцоўскім раёне атруціліся чадным газам і былі шпіталізаваныя маці і дзіця.

6 лютага на кухні адной з кавярняў Слуцку ад атручвання чадным газам памерлі дзве жанчыны.

Увечары 7 лютага ў вёсцы Забалацце Рагачоўскага раёну ў лазні былі знойдзены целы двух пажылых мужа і жонкі. Папярэдняя версія гібелі пенсіянераў – атручанне чадным газам.

Парада «Белсату»

Закрывайце своечасова пячныя засланкі ды праветрывайце гаражы. Пры канцэнтрацыі чаднага газу ў паветры вышэй за 1,2 % чалавек страчвае прытомнасць пасля двух-трох удыхаў і памірае праз 3 хвіліны.

ДД

Глядзі таксама
Каментары