Чарнагорыя абвінаваціла Расею ва ўмяшальніцтве ў знешнюю палітыку краіны


Чарнагорыя абвінаваціла Расею ва ўмяшальніцтве ў сваю знешнюю палітыку, у тым ліку ў пытанні ўступлення Чарнагорыі ў НАТА. Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Чарнагорыі Сэрджан Дарманавіч.

Заяву міністра перадае тэлерадыёкампанія RTCG.

«Расея адкрыта ўмешваецца ў нашую міжнародную палітыку, чаго мы, канешне, не ўхваляем. На працягу двух-трох гадоў Масква выступае супраць пашырэння НАТА. У гэтым пытанні мы самі вырашаем для сябе і мы здзіўленыя, як моцна ўмешваецца Расея і, канешне,мы абараняемся», – сказаў Дарманавіч.

Міністр дадаў,што расейская выведка «адкрыта» падтрымлівае чарнагорскую апазіцыю, якая выступае супраць уступлення краіны ў НАТА.

Ён падкрэсліў, што сяброўства Чарнагорыі ў НАТА « не накіраванае супраць каго б ні было».

«Але мы не можам прыняць таго, што хтосьці вырашае, дзе нам быць», – рэзюмаваў Дарманавіч.

Напрыканцы красавіка парламент Чарнагорыі ратыфікаваў пратакол аб далучэнні да НАТА, за такое рашэнне прагаласавалі 46 дэпутатаў.

КА, belsat.eu, фота rtcg.me

Стужка навінаў